Навіны

Палітвязьня Статкевіча вылучылі ў 56 акругах

На самой справе колькасьць патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты прыблізна на сто меней, чым колькасьць ініцыятыўных групаў.

У акруговыя выбарчыя камісіі паступіла 440 заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. Менавіта гэту лічбу назваў сёньня «Свабодзе» сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Але насамрэч патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты прыблізна на сто менш, чым ініцыятыўных групаў.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Мікола Статкевіч стаў своеасаблівым рэкардсмэнам кампаніі па абраньні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня. Ад яго імя пададзеныя заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў у 56 акругах. Яшчэ адзін былы прэтэндэнт на пасаду кіраўніка беларускай дзяржавы Алесь Міхалевіч пажадаў зарэгістраваць свае групы ў 18 менскіх выбарчых акругах. Трэці ў гэтым сьпісе — прадстаўнік партыі «Справядлівы сьвет» Аляксандар Ірхо. Ён хоча зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы ў 11 акругах Магілёўскай вобласьці. 12 грамадзян агулам жадаюць зарэгістраваць групы сваёй падтрымкі ў 107 акругах.

Выбарчае заканадаўства, тлумачыць сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, не забараняе гэта рабіць:

«Ніякага парушэньня тут няма. Грамадзянін можа вылучацца ў некалькіх выбарчых акругах. Але зарэгістраваны ён можа быць толькі ў адной акрузе».

Актыўнасьць Міколы Статкевіча і Алеся Міхалевіча можна зразумець, адзначае кіраўнік Цэнтру эўрапейскай інтэграцыі Андрэй Ягораў:

«Я думаю, што гэта вельмі розныя сытуацыі — Статкевіча і Міхалевіча. Міхалевіч фактычна знаходзіцца ў эміграцыі. І ён праз свае ініцыятыўныя групы спрабуе яшчэ раз агучыць сваё імя ў палітыцы і абазначыць сваю прысутнасьць у Беларусі».

У Міколы Статкевіча, на думку спадара Ягорава, крыху іншая матывацыя:

Гэта дэманстратыўны крок вельмі мужнага чалавека, які лічыць сябе ні ў чым не вінаватым і годным для таго, каб быць палітычным лідэрам нават у такой сытуацыі, у якой ён знаходзіцца.

«Сяргей Чыслаў рабіў прыкладна тое ж самае пасьля таго, як адбыў тэрмін у сьледчым ізалятары КДБ па абвінавачваньні ў тэрарыстычных выбухах на 3 ліпеня. Ён выйшаў і пайшоў тады дэманстратыўна ў дэпутаты. Сяргей хацеў скарыстаць гэтую магчымасьць і данесьці да людзей інфармацыю пра несправядлівасьць у дачыненьні да яго. А таксама паказаць, што ён ня скораны сваім вязеньнем.

Тое ж самае дэманструе і Статкевіч. Гэта дэманстратыўны крок вельмі мужнага чалавека, які лічыць сябе ні ў чым не вінаватым і годным для таго, каб быць палітычным лідэрам нават у такой сытуацыі, у якой ён знаходзіцца».

Міколу Статкевіча вылучалі больш як па 56 акругах, кажа ягоная жонка Марына Адамовіч:

«71 акруга, паводле самых сьціплых падлікаў. Праўда, у некаторых акругах адмовіліся прымаць дакумэнты. Але гэта не 15 акруг, значна меней. У Бабруйску іх проста парвалі і выкінулі ў сьметніцу. У Берасьці ў адной адмовілі, у Гародні — таксама, у Гомелі, здаецца, у трох…

Якія асноўныя мэты мы ставілі гэтай акцыяй? Найперш — нагадаць грамадзтву, што ў нашай краіне ёсьць палітвязьні, што за кратамі знаходзіцца кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч».

Канчатковыя вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў Цэнтарвыбаркам абяцае абвясьціць 25 ліпеня.

Уладзімер Глод Радыё Свабода

Ад рэдакцыі: Паводле папярэдніх падлікаў, вылучэнне Мікалая Статкевіча адбылося ў 71 акрузе, у тым ліку, ва ўсіх абласных гарадах і ў Мінску. У 15 камісіях заканадаўства было груба парушана ўжо на гэтым этапе – дакументы ў кіраўнікоў ініцыятыўных груп не былі прынятыя, а ў адной з камісій нават парваныя і выкінутыя ў сметніцу.