Палітычная рэзалюцыя з'езда Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада)

Народная Грамада канстатуе:

1. Беларускі рэжым вычарпаў свае рэсурсы і не валодае патэнцыялам для неабходных нашай краіне рэформ.

2. Выбары застаюцца рытуалам прызначэння ўладамі цалкам кіруемых імі “дэпутатаў”. Нават, калі асобныя з прызначаных належаць да дэмакратычных арганізацый.

3. Працягваецца пераслед нязгодных з незаконнай узурпацыяй улады. Рэжым вынаходзіць усё новыя спосабы ціску на лідараў і актывістаў пратэста. Не спыняюцца спробы знішчыць, блакаваць ці падпарадкаваць незалежныя СМІ.

4. Эканоміка застаецца амаль цалкам дзяржаўнай, што дае рэжыму эффектыўны інструмент кантроля палітычнай лаяльнасці і пакарання нязгодных. Неабходныя эканамічныя рэформы не праводзяцца, каб не ствараць рызыкі некантралюемых рэжымам палітычных зменаў.

5. Нерэфармаваная эканоміка ўвайшла ў стадыю доўгатэрміновай стагнацыі. Падае жыццёвы ўзровень людзей. Масавая эканамічная эміграцыя пагражае будучыні нацыі. Расце сацыяльная напружанасць і нянавісць да рэжыма.

6. Расійскіх датацыяў робіцца недастаткова, каб утрымоўваць шматлікія сілавыя структуры рэжыма і падтрымліваць на плыву стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы.

7. Крэмль патрабуе за датацыі ўсё большых саступак суверэнітэта. Расійскі ўплыў на беларускія дзяржаўныя структуры, палітыку, эканоміку, інфармацыйную і культурную прастору расце, што стварае крытычную небяспеку незалежнасці краіны.

8. Абавязаны Крамлю сваім знаходжаннем ва ўладзе беларускі дыктатар не ў стане прадухіліць створаную яго палітыкай небяспеку для дзяржаўнасці. Ён ідзе на саступкі, якія пагражаюць таксама ўцягнуць нашу краіну ва ўзброены канфлікт паміж Расіяй і Захадам.

Народная Грамада заяўляе пра сваю рашучасць працягваць барацьбу за свабоду і незалежнасць Беларусі. Наша дзейнасць будзе сканцэнтравана на наступных накірунках:

а) Мы будзем працягваць кампанію мірных публічных акцый “Уладу – народу!”, каб прымусіць рэжым да правядзення сумленных выбараў. Дзеля гэтага мы будзе працягваць працу па кансалідацыі дэмакратычнай апазіцыі і ўмацаванню яе вядучай кааліцыі – Беларускага Нацыянальнага Кангрэса.

б) Мы будзем і далей бараніць правы людзей, кансалідаваць і скіроўваць энэргію сацыяльнага пратэста, каб мірным ціскам дамагчыся ад рэжыма неабходных палітычных і эканамічных рэформ.

в) Мы прапануем платформу кансалідацыі пратэстнай большасці беларускага грамадства, заснаваную на наступных прынцыпах: незалежнасць, як галоўная каштоўнасць; змяняльнасць улады; адмова ад гвалту пры палітычных канфліктах; дэмакратыя; імкненне да ваеннага нейтралітэта; пошук грамадскага кансенсуса па спрэчным пытанням.

г) Мы не рыхтуем рэвалюцыю, бо разумеем усе небяспекі гвалтоўных сцэнараў. Рэвалюцыю сваёй антынароднай безадказнай палітыкай рыхтуе сам рэжым. Калі ён адмовіцца ад саступак грамадству і сваімі дзеяннямі штурхне людзей да масавых выступаў, надзвычай важна будзе скіраваць пратэсты дзеля пабудовы вольнай і паспяховай Беларусі. Мы, дзякуючы свайму досведу і аўтарытэту сярод людзей, атрыманаму ў змаганні за іх правы, будзем гатовы для гэтага.

д) Мы падцвярджаем сваю прыхільнасць незалежнасці Беларусі, як найвышэйшай каштоўнасці, якую мы гатовы бараніць ўсімі даступнымі сродкамі. Мы будзем разам з іншымі патрыятычнымі сіламі весці агітацыю і праводзіць публічныя мерапрыемствы ў абарону незалежнасці.  Мы лічым важным годна адзначыць 100-годдзе БНР у цэнтры сталіцы, каб прадэманстраваць гатоўнасць патрыётаў бараніць дзяржаўнасць нашай краіны.

Беларусь знаходзіцца на парозе драматычных змен. Народная Грамада разам са сваімі саюзнікамі і прыхільнікамі гатовая прыняць выклік, які нясуць гэтыя змены.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!

г. Мінск  25 лютага 2018 г.