Навіны

Палітзняволены Яўген Васьковіч пераведзены ў калонію №15

Палітзняволены Яўген Васьковіч пераведзены з Магілёўскай турмы строгага рэжыму ў калонію №15, якая знаходзіцца таксама ў Магілёве.

Пра гэта стала вядома аднаму з сябраў аргкамітэту па стварэнню партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўлу Пракаповічу. Хутчэй за ўсё, перавод адбыўся яшчэ на мінулым тыдні.

– 12-га кастрычніка споўнілася роўна тры гады, як ён трапіў у турму. Ён прайшоў праз цяжкія выпрабаванні за гэтыя тры гады – шматлікія змяшчэнні ў штрафны ізалятар, усебаковы ціск, абмежаванні, цяжкая псіхалагічная атмасфера. Улады ўсялякімі сіламі хацелі выціснуць з яго прашэнне аб памілаванні. Але Яўген вытрымаў.

Слухайце тут…

Па словах Паўла Пракаповіча, за 3 гады ў турме Яўген Васьковіч правёў у штрафным ізалятары па надуманых падставах 247 сутак.

Таму кіраўнікам гэтай установы Аляксандру Ламазу (ужо былому) і цяперашняму – Аляксандру Дзмітрову давядзецца ў будучым адказаць за тыя здзекі і знявагі, праз якія прайшоў Яўген Васьковіч, – упэўнены Павел Пракаповіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя