Паралельны імпарт
З ліста ад 08.06.2022
“Як я чытаў у “СБ”, працэсы застрашвання “пратэстнай часткі грамацтва” (там так і пішуць) працягваюцца. Гістарычныя паралелі – у 1913 годзе на 170-мільённую Расійскую імперыю было 1,3 тысячы з нечым палітвязняў. Зараз у 9-мільённай Беларусі іх відавочна болей. І што тады яны святкуюць 7-га лістапада?
Даведаўся таксама, што у РФ і ў нас уводзіцца “паралельны імпарт”. Гэта пастаўкі з-за мяжы падсанкцыйных высокатэхналагічных тавараў праз пасярэднікаў з трэціх краін, якія не бяруць дазволы на такія пастаўкі ў фірмаў-вытворцаў. Па сутнасці – дзяржаўная кантрабанда. Але гэта рэальны спосаб атрымаць, напрыклад, сучасную мікраэлектроніку. Адрозна ад планаў самім яе вырабляць тут. Праўда, Захад, відавочна, адкажа на гэта г.зв. “другаснымі санкцыямі” супраць фірм-пасярэднікаў.
Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3
Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.