Парфянкоў Васіль
Вызвалены 5 снежня 2014 года.
Нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Менску, скончыў 9 клясаў менскай школы № 163, працаваў аўтасьлесарам ў менскім аўтапарку № 7. Быў актывістам незарэгістраванай Партыі Свабоды. Актыўна ўдзельнічаў у абароне Курапатаў у 2002 годзе, калі менскія ўлады мелі планы зруйнаваць крыжы-помнікі ахвярам сталінізму дзеля пашырэньня МКАД. Падчас абароны Курапатаў невядомыя падпалілі намёт абаронцаў, Васіль змог выратаваўць ад пажару двух чалавек, а падчас нападу правакатараў на намётавае мястэчка абараняючы сваіх сяброў атрымаў пералом рукі.
Браў удзел у акцыях пратэсту разам з “Маладым Фронтам” і “Зубром”. Затрымліваўся міліцыяй і адбываў адміністратыўныя тэрміны ў ізалятары на Акрэсьціна за грамадзкую актыўнасьць.
Падчас выбараў 2010 году Васіль актыўна ўдзельнічаў у грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!”, быў актывістам штабу Ўладзімера Някляева, зьбіраў подпісы за яго, праводзіў агітацыю. Удзельнік Плошчы-2010.
Храналёгія перасьледу
Затрыманы ў Менску 4 студзеня 2011 г. па падазрэньні ў датычнасьці да “масавых беспарадкаў” 19 сьнежня 2010 г. Праз трое сутак апынуўся ў менскім СІЗА па вул. Валадарскага як фігурант крымінальнай справы па арт. 293.
Ягоны прысуд стаў самым першым па “справе 19 сьнежня”: 17 лютага 2011 г. Фрунзенскі суд Менску асудзіў Васіля на 4 гады калёніі строгага рэжыму. Адбываў пакараньне ў калёніі г. Ворша. З 17 па 27 ліпеня прабыў у штрафным ізалятары “за парушэньне формы вопраткі”.
11 жніўня 2011 г. памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.
29 траўня 2012 году Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкулу 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь судзьдзём Першамайскага раёну Менску Сяргеем Бандарэнкам ( пракурор — Сьцепурко). Прэвэнтыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэньні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў устаноўлены за ім зь 5 студзеня 2012 году. Падставай для гэтага стаў ўдзел Парфянкова ў грамадзка-палітычным жыцьці пасьля таго, як ён у ліку іншых вязьняў Плошчы-2010 быў вызвалены ў жніўні 2011 году ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта аб памілаваньні.
24 ліпеня Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананьне умоваў прэвэнтыўнага нагляду, усталяванага судом.
9 жніўня 2012 г. Васіль Парфянкоў быў узяты пад варту ізноў. Адбываў пакараньне ў калёніі г. Баранавічы. Вызвалены 9 лютага 2013 году. Узяты пад прэвэнтыўны нагляд міліцыі.
12 ліпеня 2013 г. Васілю ізноў было прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 421 Крымінальнага кодэксу РБ — “Парушэнне умоваў прэвэнтыўнага нагляду”. Справа была перададзеная ў суд, але судовага працэсу па ёй не адбылося, бо быў прыдуманы іншы спосаб уздзеяньня на іншадумца. 21 верасьня 2013 г. пасьля адбыцьця 5-суткавага адміністратыўнага арышту, да якога ён быў прыгавораны “завочна”, Васіль Парфянкоў нечакана для ўсіх быў адпраўлены на 1 год у лячэбна-працоўны прафілякторый (ЛПП) у г. Сьветлагорск.
Як высьветлілі праваабаронцы, рашэньне аб накіраваньні Васіля Парфянкова ў ЛПП было прынятае судом Першамайскага раёну Менску яшчэ 4 верасьня.
Быў узяты пад варту 5 снежня 2013 г. падчас агучвання прысуду па арт.421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду”). Асуджаны да года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Будзе адбываць пакаранне ў ПК-9 у г. Горкі. Да лютага 2014 года знаходзіцца ў СІЗА г.Жодзіна.
Дэталі
Прозьвішча, імя, імя па бацьку:
Парфянкоў Васіль Пятровіч.
Дата нараджэньня:
30 жніўня 1983 г.
Артыкул:
арт. 421 КК РБ (парушэньні ўмоваў прафіляктычнага нагляду).
Калі і кім асуджаны:
5 сьнежня 2013 года судом Першамайскага раёну г.Менску, судзьдзя – Ярмоленкаў Леанід, пракурор – Грушэвіч Ільля.
Санкцыя:
1 год пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму.
Грамадзянства:
Рэспубліка Беларусь.
Паштовы адрас:
213410, Магілёўская вобл., г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, ІК-9.