Пракапенка Арцём

Вызвалены 22 жніўня 2015 г.

Арцём Пракапенка родам з Гародні. Нарадзіўся 27 ліпеня 1990 году. Пасьля сканчэньня школы вучыўся ў Бабруйску. Не хаваў сваёй прыхільнасьці да анархісцкага руху.

Храналёгія перасьледу

Арцёма Пракапенку, Яўгена Васьковіча і Паўла Сырамолатава судзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу – “Злоснае хуліганства” і “Наўмыснае прычыненьне шкоды ў асабліва буйных памерах”.

Пракурор Тоўсьцік прасіла суд асудзіць маладых людзей да пазбаўленьня волі на тэрмін ад 7,5 да 8 гадоў з адбыцьцём пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Па словах дзяржабвінаваўцы, папярэдняе сьледзтва цалкам даказала віну падсудных. На думку пракурора, яны маглі проста зьнішчыць будынак КДБ, нанесеная шкода ў такім выпадку склала б каля двух мільярдаў рублёў (444,44 тыс. даляраў па курсе камерцыйных банкаў).

Акрамя таго, заявіла Тоўсьцік, “напад на КДБ быў відавочным выклікам грамадзтву з дэманстрацыяй сваёй беспакаранасьці”.

Адвакаты адзначалі, што іх падабаронныя давалі паказаньні пад ціскам і зьбіраліся не спаліць будынак, а толькі яго пашкодзіць. На думку абароны, довады абвінаваўцы грунтуюцца толькі на ўяўленьні таго, што магло б здарыцца, тады як рэальная шкода ад дзеяньняў маладых людзей складае 253 тыс. рублёў (56,2 даляра), якія ўжо выплачаныя.

Акрамя таго, заявілі адвакаты, Беларускае тэлебачаньне неправамерна выкарыстала відэазапісы папярэдняга сьледзтва аб нападзе падсудных на будынак КДБ для свайго фільму. Маладых людзей там паказалі як асобаў, што не маюць уласных жыцьцёвых перакананьняў, якія гатовыя зьнішчыць усё, што толькі бачаць.

Павал Сырамолатаў і Арцём Пракапенка ў сваім апошнім слове заявілі, што раскайваюцца. Яны таксама прасілі суд аб літасьці ў вынясеньні прысуду.

18 траўня 2011 г. Арцём Пракапенка асуджаны судом г. Бабруйска на 7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пакараньне адбываў у калёніі № 17 у г.Шклове Магілёўскай вобласьці. У траўні 2012 г. пераведзены ў калёнію № 15 г. Магілёву.

22 жніўня 2015 г. стала вядома, што Аляксандр Лукашэнка памілаваў шасцярых палітвязняў — Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова. У паведамленні адзначаецца, што рашэнне пра іх памілаванне прынятае паводле “прынцыпа гуманізму”.

Дэталі

Прозьвішча, імя, імя па бацьку:
Пракапенка Арцём Анатольевіч.

Дата нараджэньня:
27 ліпеня 1990 г.

Мера стрыманьня да суда:
пад вартай з 17 студзеня 2011 г.

Артыкул:
ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) і ч. 3 арт. 218 (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйных памерах) КК РБ.

Калі і кім асуджаны: 
18 траўня 2011 г. судом г. Бабруйска і Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці. Судзьдзя — Павал Карцінін, пракурор — Любоў Тоўсьцік.

Санкцыя:
7 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Грамадзянства:
Рэспубліка Беларусь.

Паштовы адрас:
212013, г. Магілёў, Слаўгарадская шаша, 183, ПК № 15.