Асабістая думка

Павел Севярынец: Масква наважыла тузануць Лукашэнку за ланцужок

Да таго часу, пакуль не зменіцца гэты рэжым, гэтая сітуацыя будзе заставацца ранейшай.

– З чым звязанае тое, што беларускія чыноўнікі зачасціліў Расею, хутка нават асабіста Лукашэнка паедзе.

– У Маскве трывожна ўспрынялі чоўнавыя паездкі еўрапейцаў у Беларусь і наважылі моцна тузануць рэжым Лукашэнкі за ланцужок. Гэта звычайная імперская тактыка. Могуць дазволіць дзесьці сустрэцца, дзесьці пагуляць, але калі што – адразу ідзе загад з Крамля: да нагі. І гэта, вядома, не змяняецца ўжо доўгія гады. А сам рэжым ужо больш за 20 гадоў завязаны на Маскву. Гэтую пятлю, гэты ланцужок прывязалі яшчэ мацней. І на каго цяпер наракаць. Хіба што на саміх сябе. Тое, што мы прывязаныя да агрэсіўнай, мілітарызаванай, сыравіннай, тэхналагічна адсталай імперыі – гэта катастрофа для Беларусі.

Да таго часу, пакуль не зменіцца гэты рэжым, гэтая сітуацыя будзе заставацца ранейшай.

– Макей нават сказаў пра санкцыі «Расея выжыве, бо ў яе шмат рэсурсаў». Перажывае, ці выжыве Беларусь?

– Беларускі нацыянальны інтарэс палягае ў тым, што Беларусь павінна скарыстацца максімумам выгады ад свайго геапалітычнага становішча. А для гэтага нельга завязвацца толькі на адну Расею і на яе сыравіну. Гэта можа скончыцца катастрафічна. Таму, вядома, такія абдымкі з імперыяй, якая вядзе вайну ва Украіне і трывае ад заходніх санкцый, вядзе да палітычнага самагубства. Дрэнна, што разам з гэтымі паездкамі, паклонамі і прысягай на вернасць «імператару» яны цягнуць за сабой Беларусь. Усе людзі добрай волі, усе людзі, якія разумеюць, што Беларусь – гэта іх радзіма, павінны прыкласці максімум намаганняў, каб гэтую сітуацыю і гэтую ўладу змяніць. Таму што інакш нас чакае ўсходняя кабала.

charter97.org