Выбары

Павел Севярынец: Як хрысціянін не буду ўдзельнічаць у падмане 11 кастрычніка

Многія вернікі ў гэты дзень адмовяцца ад удзелу ў спектаклі, арганізаваным з мэтай падмануць беларусаў.

Пра гэта ў інтэрв\’ю charter97.org заявіў cустаршыня аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

– Набліжаецца 11 кастрычніка, асноўны дзень галасавання на «выбарах» у Беларусі. Як збіраецеся правесці гэты дзень?

– 11 кастрычніка – гэта нядзеля, таму я як хрысціянін пайду ў царкву на набажэнства. Паколькі я праваслаўны, а мая жонка каталічка – давядзецца схадзіць таксама і ў касцёл. Магчыма, наведаюся да пратэстантаў царквы Іаана Прадцечы: у мяне там шмат сяброў.

Таму гэты дзень для мяне будзе звязаны з духоўнымі справамі: буду маліцца, у тым ліку і за Беларусь.

– Вы ўжо казалі пра тое, што не будзеце галасаваць на гэтых «выбарах» – чаму?

– У галасаванні ўдзельнічаць не буду, бо «выбараў» у нас няма. А ўдзельнічаць у тым, чаго няма – проста немагчыма. Тое, што цяпер адбываецца – гэта спектакль. Спектакль, арганізаваны для таго, каб падмануць людзей: падмануць беларусаў, падмануць замежных лідараў. У гэтым падмане я як хрысціянін не магу ўдзельнічаць.

І думаю, што па-сапраўднаму вернікі, якія разумеюць, у чым ім давядзецца ўдзельнічаць 11 кастрычніка – таксама на гэтыя «выбары» не пойдуць.

Хартыя\’97