Польшча дэманструе салідарнасьць зь Беларусьсю

У Варшаўскім кінацэнтры «Атлянтык» — прэм’ерны паказ мастацкага кінафільму «Жыве Беларусь!», створанага намаганьнямі беларуска-польскай каманды.

На імпрэзу запрошаныя як стваральнікі, так і госьці зь Беларусі — перадусім жонкі палітвязьняў Натальля Пінчук, Марына Адамовіч, Кацярына Аўтуховіч, Наста Дашкевіч. Таксама ў Варшаву прыехала група навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Пасьля прагляду стужкі адбудзецца дыскусія з удзелам польскіх і беларускіх гледачоў.

Ад 19 красавіка фільм «Жыве Беларусь!» запушчаны ў шырокі пракат у польскіх кінатэатрах, што ўжо выклікала незадавальненьне беларускіх уладаў. Так, кіраўніцтва амбасады Беларусі ў Польшчы паспрабавала паўплываць на пракатчыкаў, каб тыя адмовіліся дэманстраваць кіно, якое «ня мае нічога агульнага з рэчаіснасьцю». Польскі дыстрыбутар такую магчымасьць выключае.

21 красавіка кампанія салідарнасьці з народам Беларусі будзе працягнутая. Ініцыятыва «Вольная Беларусь» ладзіць вялікі канцэрт у Кракаўскім прадмесьці польскай сталіцы пад назвай «Салідарныя зь Беларусьсю». Выступяць Лявон Вольскі і «Крамбамбуля», «Дзецюкі», «Страхі на ляхі», беларускія ліцэісты.

У першай палове дня 20 красавіка ліцэісты і выкладчыкі «партызанскай школы» наведалі Клюб каталіцкай інтэлігенцыі. Аўтарытэтная арганізацыя якраз ладзіла штогадовы справаздачны сход, падчас якога госьці зь Беларусі аддзячылі калегам за дапамогу ў арганізацыі летніх навучальных сэсій у Польшчы ды спрыяньне ў дзейнасьці забароненай беларускімі ўладамі навучальнай ўстановы.

Падчас сходу Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі.

Падчас сходу Клюбу каталіцкай інтэлігенцыі.

Ігар Карней, Наша Ніва