Помнік Барадуліну ва Ушачы ставяць пры дапамозе авіяцыі
Валун на магілу Рыгора Барадуліна ўзяты ў вёсцы Кублічы, на радзіме Васіля Быкава. Вага валуна 2,5 тоны. Надпіс на валуне «Рыгор Барадулін. Сын. 1935-2014», паведамляе «Наша Ніва».
Даставіць такі цяжкі помнік на магілу звычайным транспартам было немагчыма, бо пахаваны Барадулін у глыбіні могілак.
Нагадаем, што народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 года. Некалькі тысяч чалавек прыйшлі развітацца з народным паэтам Беларусі 4 сакавіка ў Чырвоным касцёле ў Менску. Народнага паэта пахавалі пад бел-чырвона-белым сцягам.
Прамовы ў памяць Рыгора Барадуліна зрабілі архімандрыт Сяргей Гаёк і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроцці, паэт Уладзімір Някляеў.
У 1995 годзе Рыгор Барадулін напісаў верш «Прашэнне»
Калі я адыду, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне.
Засведчыць крыж,
Што адышоў з імшой
Паганец кшчоны,
Уніят душой.
Крумкач, як чорны плач,
На валуне
Спачне, і значыць,
Памяне мяне.
I стрыж, як крыж здранцвелы,
Прамільгне,
Цень студзячы ў труне
На самым дне.
Калі я замаўчу, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне…