Пра кошт гістарычных мітаў
Пра цяжкую цану гістарычных імперскіх мітаў разважае Мікалай Статкевіч у лісце з турмы.
«Чацвёртага лістапада ў Расіі было свята і даволі шмат гістарычных мерапрыемстваў.
Ужо дакладна і не ведаю, у галаву якога маскоўскага князя […] прыйшла паўтысячы гадоў таму гэтая недарэчная ідэя, што ён з\’яўляецца законным пераемнікам колішніх кіеўскіх князёў. І, што з гэтае прычыны ўсе ўсходнія славяне цяпер павінны яму падпарадкоўвацца.
Гэты расійскі гістарычны міт каштаваў сапраўды роднасным народам мільёнаў ахвяр. У нашай гісторыі не было болей страшных войнаў, чым з-за жадання маскоўскіх тыранаў «вярнуць свае спрадвечныя землі». Цяпер вось Украіна. Там не толькі гэтя прычына, але ж яна — адна з галоўных.
Гэта зразумела, бо пакаленням расійцаў выводзілі іхнюю гісторыю з Кіеўскай Русі. А цяпер атрымоўваецца, што Кіеў — сталіца іншай дзяржавы і іншага народу. Які, да таго ж і развівацца захацеў у іншы бок, чым Расія. Атрымоўваецца поўнае разбурэнне гістарычнай ідэнтычнасці ў галаве сярэдняга расійскага індывіда: «А хто ж я тады?!» Выбух мазгоў, як тут кажуць. Вось і спрабуюць цяпер крамлёўскія начальнікі прывесці рэаліі ў адпаведнасць са сваім звыклым гістарычным мітам. Спачатку спрабавалі палітычнымі і эканамічнымі сродкамі. Цяпер ужо і ваеннымі.
Але ж ад іх эфект абсалютна супрацьлеглы. Можна лічыць, што той міт быў канчаткова разбіты «Градамі» пад Ілавайскам. Параіў бы прыдумаць нешта іншае.»