Мікалай Статкевіч пра "выбары" на Данбасе
Мікалай Статкевіч адгукнуўся на паведамленні афіцыйнай прэсы аб “выбарах” на Данбасе.
У Беларусі расейскае тэлебачанне займае пануючае становішча ў эфіры. На галовы і вушы мільёнаў беларускіх грамадзянаў штодня абрушваецца лавіна маны пра падзеі ва Украіне. На паведамленні аб высокай актыўнасці грамадзянаў на так званых “выбарах” у кантралюемых сепаратыстамі рэгіёнах Данбаса адгукнуўся ў лісце Мікалай Статкевіч.
“Сёння (03.11) па TV увесь дзень кажуць пра высокую актыўнасць і чэргі на выбарчых участках на Данбасе. Называлі лічбы, што там адкрыта болей, чым 400 выбарчых участкаў на 4 мільёны выбаршчыкаў.
Пра чэргі веру, бо ў нас на ~ 7,5 млн выбаршчыкаў – каля 7 тысячаў участкаў, што адпавядае сусветнай практыцы: 1 участак на 1 тысячу выбаршчыкаў. Безумоўна, участкі бываюць розныя – і на 100 выбаршчыкаў, і на 2,3 тысячы. Але апошняя лічба – гэта максімум, што я сустракаў. А ў гэтых, у сярэднім – 10 тысяч выбаршчыкаў на ўчастак. Але ж гэта – у сярэднім, і павінны быць участкі з большай колькасцю.
І кажуць, што прагаласавала болей за палову. Лічу, што такое нават тэхнічна немагчыма. Затое, малая колькасць участкаў дапамагае стварыць “карцінку” актыўнасці электарату.”
Мікалай Статкевіч быў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі на мінулых выбарах. Арыштаваны ў дзень галасавання, асуджаны па надуманным абвінавачванні да 6-ці гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У студзені 2012 года быў пераведзены на турэмны рэжым. Ужо амаль тры гады знаходзіцца ў магілёўскай турме. Міжнароднай супольнасцю прызнаны вязнем сумлення.