Пра Міколу Статкевіча год адсутнічае інфармацыя

Сёння роўна год, як няма вестак ад палітвязня Міколы Статкевіча. Лісты ад яго не даходзяць. Адваката не пускаюць. Пра стан здароўя – ніякай інфармацыі.

Травень 2020 года. Мікола Статкевіч з паплечнікамі едзе на перадвыбарчы пікет Ціханоўскай. Аўтамабіль спыняюць невядомыя. Статкевіча выцягваюць вонкі. Пасля месяца арышту на волю ён не выходзіць.

«Нам хацелася спадзявацца, што гэта будуць “адміністратыўкі”, што ўсё ж у нас ёсць яшчэ тэрмін да канца кампаніі. Але Лукашэнка вырашыў не рабіць такіх памылак, якія ён здзейсніў у 2010 годзе. Ён разумеў, што калі Статкевіча пакінуць на волі да дня выбараў – гэта будзе іншая Беларусь», – узгадвае паплечніца Мікалая Статкевіча Вераніка Мішчанка.

Праз рэгулярныя спагнанні Статкевіча пазбавілі тэлефанаванняў і спатканняў і не дазваляюць перадаваць яму нават лекі.

«Сувязь з роднымі – гэта самае галоўнае што ёсць у асуджанага, гэта тое, што дапамагае сядзець, тое што грэе. А прадстаўнікі адміністрацыі гэта разумеюць і б’юць па самаму галоўнаму», – тлумачыць праваабаронца, былы палітычны зняволены Леанід Судаленка.

Працяглы час Статкевіча ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры, а таксама не раз змяшчалі ў штрафны ізалятар. Пры гэтым вядома, што ў палітыка хворае сэрца.

«ШЫЗА – гэта такое самае пекла, у якім асуджаныя губляюць сваё здароўе, таму што праз холад у арганізме наступаць незваротныя працэсы», – дадае Леанід Судаленка.

Навошта Статкевіча ізалявалі ад вонкавага свету?

«Статкевіч – гэта асабісты вораг Лукашэнкі. Ён не ламаецца, не здаецца, ён шляхціц па духу. Калі рэжыму ўдасца зламаць Статкевіча, то з астатнімі можна ўжо не разбірацца», – заявіў выконваючы абавязкі старшыні партыі «Народная грамада» Яўген Вільскі.

У межах кампаніі салідарнасці пад назваю «Пакажыце Статкевіча!» да міжнароднай супольнасці звярнулася Святлана Ціханоўская.

«Я заклікаю ўсіх нашых міжнародных партнёраў – медыі, палітыкаў, актывістаў – патрабуйце ад рэжыму паказаць Мікалая Статкевіча! Аказвайце максімальны ціск на рэжым. Нам трэба давесці, што ніякае злачынства не застанецца беспакараным і за яго трэба несці адказнасць», – заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Невядомасцю катуюць не толькі родных Міколы Статкевіча. Доўгі час няма вестак ад Ігара ЛосікаВіктара БабарыкіСяргея ЦіханоўскагаМаксіма ЗнакаМарыі Калеснікавай ды іншых палітвязняў.