Навіны

Пра "выпраўленчы працэс" у месцах зняволення

Пра парадкі ў калоніі і спосабы перавыхавання расказаў Мікалай Статкевіч:

Палітвязень паведаміў, што 19 лютага яго выклікалі на камісію і аб\’явілі аб працягу прафілактычнага ўліку “ў сувязі са схільнасцю да захопу закладнікаў, нападу на супрацоўнікаў адміністрацыі і схільнасцю да хуліганскіх праяваў”. Працяг нагляду патлумачылі наяўнасцю дзьвух спагнанняў.

Нагодай для спагнанняў з\’явілася “парушэнне формы вопраткі”, аб чым мы паведамлялі раней. Нам цалкам зразумела, што нашэнне штаноў “няправільнага” фасону з\’яўляецца доказам схільнасці да захопу закладнікаў і нападу на супрацоўнікаў адміністрацыі.

Таксама, палітвязень расказаў пра парадкі ў калоніі і пра змены, якія там адбываюцца ў сувязі з  “супрацьнаркатычным” Указам.

Мікалай Статкевіч паведаміў, што амаль усіх наркадылераў ужо вывезлі са шклоўскай калоніі  ў ПК-22 “Воўчыя норы”.

Ён не лічыць, што гэтай катэгорыі асуджаных неабходна дадатковае спагнанне, акрамя прызначанага судом, але прызнае наяўнасць пэўнай логікі ва Указе Лукашэнкі, бо наркадылеры, у якіх ёсць сур\’ёзная фінансавая падтрымка з волі, падвышаюць узровень карупцыі і дзейнічаюць разбуральна.

“Яны купляюць сабе “цёплыя” пасады, спатканні, замены пакарання і УДВ.
Грошы, звычайна, перадаюцца кіраўніцтву калоніі пасрэднікамі з “актыву” калоніі. Гэтыя “актывісты” атрымліваюць занадта вялікі ўплыў і пачынаюць “ставіць” сябе на ўзроўні кіраўніцтва калоніі.

Зараз наркадылеры плацяць, каб не паехаць у ПК-22 альбо паехаць у апошнюю чаргу. Некаторыя нават захавалі свае месцы тут”.

Палітвязень апісаў, як выглядае выхаваўчы працэс у калоніі У ПК-17. Напрыклад, адзін з кіраўнікоў “самакіравання” калоніі (асуджаны за цяжкае злачынства) мае ўласнага “ад\’ютанта” з ліку асуджаных, які гатуе яму ежу і прыносіць сняданак са свайго атрада праз усю калонію. Яго прапускаюць усе кантралёры, што азначае, што гэта вядома і ухвалена кіраўніцтвам калоніі. Ад\’ютант гэты нідзе не працуе.

Мікалай Статкевіч днямі публічна выказаў сваё абурэнне гэтым фактам. Гэта абурэнне тут жа было даведзена да кіраўніцтва калоніі.

“На наступны дзень, спачатку той “самакіраўнік”, а потым падпалкоўнік з адміністрацыі, паведамілі, што тэрыторыя, замацаваная за атрадам для ўборкі (і без таго самая вялікая ў калоніі), павялічваецца яшчэ прыблізна ў сем разоў. Прыбіраць яе павінны толькі тры чалавекі”.

Мікалай Статкевіч лічыць гэта помстай за тое, што ён звярнуў увагу на грубае парушэнне закону і што скіраванае гэта павелічэнне аб\’ёма працы на правакаванне канфліктаў з  калегамі па атраду.

Звычайнай у калоніі, як і ў іншых месцах зняволення, з\’яўляецца і практыка пабораў са зняволеных на гаспадарчыя патрэбы. Так, у атрадзе, дзе адбывае пакаранне Мікалай Статкевіч, днямі аб\’явілі, што кожны атрад мусіць сабраць па 3 мільёны на рамонт пакоя для спатканняў. Грошы выціскаюць нават з тых, хто не ў стане заплаціць іх. Праўда, паведамляе палітвязень, да яго пакуль не падыходзілі…