Навіны

Праваабаронцы: У Беларусі захоўваецца рабская праца і доўжацца рэпрэсіі

Алесь Бяляцкі і ПЦ «Вясна» прэзентавалі ў Варшаве Даклад аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. У рамках канферэнцыі АБСЕ аб чалавечым вымярэнні, якая праходзіць у сталіцы Польшчы, кіраўнікі праваабарончай арганізацыі «Вясна» – старшыня цэнтра, былы палітвязень Алесь Бяляцкі і віцэ-старшыня Валянцін Стэфановіч, а таксама каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда – прэзентавалі ў Варшаве 24 верасня агляд сітуацыі аб правах чалавека ў Беларусі.

Сустрэча «Пераканаўчыя парушэнні палітычных, эканамічных і сацыяльных правоў у Беларусі» была арганізаваная Міжнароднай федэрацыяй правоў чалавека і праваабарончым цэнтрам «Вясна», паведамляе карэспандэнт charter97.org.

«У сувязі з сітуацыяй ва Украіне, а таксама з пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Расеі, мы мяркуем, што Беларусі надаецца ўсё менш увагі», – кажуць праваабаронцы.

На панэльнай дыскусіі былі закранутыя праблемы прэвентыўных затрыманняў актывістаў, парушэнні працоўных правоў і прымусовую працу ў Беларусі, а таксама была закранутая тэма смяротнага пакарання. Валянцін Стэфановіч выступіў з прэзентацыяй дакладаў «Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі» і «Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі». Ён мяркуе, што ніякіх сістэмных зменаў да лепшага ў краіне няма, палітычная сітуацыя замарожаная, а сітуацыя са СМІ нават пагаршаецца.

«Разам з праблемай крымінальнага пераследу апанентаў рэжыму, прэвентыўныя затрыманні з\’яўляюцца аналагічнай праблемай і праводзяцца выключна грунтуючыся на прыналежнасці затрыманага да той ці іншай апазіцыйнай структуры. Прэвентыўныя затрыманні – адрасныя, міліцыя без сумненняў ведае тых, каго затрымлівае. Напрыклад, мы сутыкнуліся з імі ў перыяд падрыхтоўкі да ЧС у хакеі і падчас яго правядзення. Прэвентыўныя зазналі не толькі прадстаўнікі апазіцыйных груп, але і была праведзена кампанія «ачысткі» горада ад так званых асацыяльных элементаў і прастытутак.

Упершыню прэвентыўныя затрыманні былі ўжытыя ўладамі напярэдадні выбараў актывістаў апазіцыйных штабоў перад выбарамі 2006 года, тады было затрымана 236 актывістаў. Для такіх затрыманняў адсутнічаюць усялякія падставы і затрыманым не надаецца прававая дапамога, а таксама не паведамляецца ніякая інфармацыя аб іх затрыманні родным. У аснову спраў кладуцца выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі», – сказаў ён.

Таксама праваабаронцы распавялі пра праблему прымусовай працы і кантрактнай сістэмы як ціску на кожнага чалавека ў краіне. Паводле іх інфармацыі, у кожнай беларускай сям\’і ёсць хаця б адзін чалавек, які сутыкаўся з праблемай прымусовай працы, а таксама праблемай непадаўжэння кароткатэрміновых працоўных кантрактаў у выпадку ўсялякіх праблем, звязаных з дэманстрацыяй ўсялякай формы пратэсту, а таксама за сувязь з усялякай апазіцыйнай структурай. Таксама зазнаюць ціск і сваякі наёмных працоўных: муж і жонка гублялі працу, а дзеці не маглі прадаўжаць вучобу.

Былі пададзеныя прыклады такіх формаў прымусовай працы як суботнікі, размеркаванне студэнтаў, праца так званых «абавязаных асобаў» і асоб, якія знаходзяцца ў ЛПП.

«Смяротнае пакаранне знаходзіцца пад вельмі сур\’ёзнай завесай сакрэтнасці, а дзяржава кожны год расстрэльвае сваіх грамадзян у самым цэнтры Менска, у турме на Валадарскага. Мы мяркуе, што за перыяд суверэнітэту Беларусі было расстраляна блізу 400 чалавек, аднак дакладна сказаць нельга праз сакрэтнасць», – кажа Андрэй Палуда.

Алесь Бяляцкі распавёў, што даклады былі падрыхтаваныя пакуль ён сядзеў у турме, і расказаў, што пытанне прымусовай працы закранула і яго асабіста ў турме.

«Мой заробак у траўні за шасцідзённы працоўны тыдзень па 7 гадзін у дзень склаў $3,5, з якіх $2,5 былі пералічаныя на рахунак турмы за ацяпленне, ваду і гэтак далей. Пры такім жабрацкім заробку, напрыклад, абавязаныя асобы, маюць запазычанасць, якая ўсё расце, а маючы гэткую запазычанасць яны не трапляюць пад амністыю. Атрымліваецца кругазварот, бязвыхадная сітуацыя», – кажа ён.

Алесь Бяляцкі параўноўвае рэжым Лукашэнкі са стрэльбай, якая вісіць на сцяне і ў кожны момант можа стрэліць, і нагадвае сітуацыю з выбарамі 2010 года, калі перад імі таксама была нейкая «адліга» ў стасунках з Захадам, як цяпер. Ён мяркуе, што смяротнае пакаранне з\’яўляецца «галоўным маркерам гуманнасці дзяржавы», думаю, што патрабаванне аб вызваленні палітвязняў павінна заставацца абавязковай умовай для беларускага рэжыму з боку міжнароднай супольнасці, а прэвентыўныя затрыманні перад ЧС у хакеі – вельмі трывожны сігнал напярэдадні 2015 года.

«Сітуацыя з Украінай вельмі негатыўна адбіваецца на сітуацыі вакол Беларусі, і нам важна далей бараніць правы чалавека ў Беларусі», – кажа ён.

Нагадаем, канферэнцыя АБСЕ аб чалавечым вымярэнні праходзіць у Варшаве з 22 верасня да 3 кастрычніка.

Хартыя\’97