Праваабаронцы заклікаюць адмяніць артыкул «аб незашпіленым гузіку»
Былы адвакат Павал Сапелка лічыць гэты артыкул рудымэнтам савецкай судовай сыстэмы і заўважае, што падобнага рэпрэсіўнага артыкула няма ні ў кога з суседзяў Беларусі, нават у Расеі.
«Гэта артыкул з гэтак званай дысцыплінарнай прэюдыцыяй, інакш кажучы — з абгрунтаваньнем. Па ім караюцца людзі, якія зрабілі шэраг нейкіх дысцыплінарных праступкаў, прычым якія ўжо адбылі пэўныя пакараньні за гэтыя дысцыплінарныя праступкі. Але зноў, па сутнасьці за тое самае, іх прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці. Лічу, што гэта парушае адзін з старажытных прынцыпаў юрыспрудэнцыі, які кажа, што нельга караць двойчы за адно і тое ж. Гэты ж прынцып усталяваны Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала, а таксама Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Таму трэба ставіць пытаньне перад заканадаўцам аб выключэньні гэтага артыкула з Кодэксу».
Паводле Паўла Сапелкі, у супрацоўнікаў адміністрацыі беларускіх калёніяў і турмаў дастаткова сродкаў, каб забяспечваць парадак у месцах зьняволеньня бяз гэтага рэпрэсіўнага артыкула. «Калі нехта з турэмшчыкаў кажа, што безь яго не абысьціся, трэба ставіць пытаньне аб прафэсіяналізьме гэтых супрацоўнікаў».
Апошнім зь вядомых асобаў паводле артыкула 411 быў асуджаны на дадатковае зьняволеньне палітвязень Мікалай Дзядок, які на пачатку лютага меўся выйсьці на волю пасьля 4,5 года зьняволеньня, але за некалькі дзён да вызваленьня атрымаў яшчэ год. Днямі «Вясна» выставіла на свой сайт адкрыты ліст Мікалая Дзядка, якім ён заклікае правесьці грамадзкую кампанію паводле артыкула № 411.
Мікалай Дзядок у адкрытым лісьце апавёў пра тое, за што яму далі дадатковы год зьняволеньня. За дробныя парушэньні ў форме адзеньня, за тое, што ня гэтак, як трэба, павітаўся зь міліцыянтам ды іншае. Паводле Мікалая Дзядка, 411 артыкул у руках турэмнай адміністрацыі — інструмэнт рэпрэсіяў супроць вязьняў, якія нават за кратамі змагаюцца за свае правы.
Былы палітвязень Зьміцер Дашкевіч, які адбыў дадатковы год паводле 411 артыкула, пацьвердзіў, што ў беларускіх калёніях і турмах адміністрацыя мэтанакіравана ўжывае супроць пэўнай катэгорыі вязьняў дробныя прычэпкі. Зьміцер Дашкевіч згадаў, што сустракаў у калёніі вязьня, які, атрымаўшы першы тэрмін — два гады, на той момант адбыў праз дадаткі ўжо дзесяць гадоў. Суды над парушальнікамі, якія потым праходзяць у закрытых установах, паводле Зьмітра Дашкевіча, запраграмаваныя на адзін вынік — прысуд.
Ці можа даць вынік грамадзкая кампанія за адмену 411 артыкула? Зьміцер Дашкевіч нагадаў, як на пачатку 2000-х гадоў уладамі часта ўжываўся артыкул аб адказнасьці за дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Гэтак былі асуджаныя на розныя тэрміны актывісты арганізацыі «Партнэрства» ды іншыя. «Актывісты іншых арганізацыяў пачалі кампанію пратэсту, і ў выніку беларускія ўлады, хоць не адмянілі гэты артыкул, але прынамсі ўвялі на яго мараторый», — згадаў Зьміцер Дашкевіч, які цалкам ухваліў пратэстныя дзеяньні адносна 411 артыкула.
Якія апошнія зьвесткі пра Мікалая Дзядка, які з-за кратаў заклікаў змагацца з артыкулам 411? Ці абскардзіў ён прысуд, які быў вынесены ў магілёўскай турме? Папярэднюю скаргу на прысуд Мікалай Дзядок ужо падаў, паведаміў Свабодзе бацька палітвязьня Аляксандар Дзядок.
«Папярэдняя скарга была пададзеная ў вызначаныя законам тэрміны. Зараз адвакат паедзе да Мікалая з канчатковым тэкстам скаргі, і, мяркую, да канца красавіка адбудзецца разгляд скаргі па гэтай справе. То бок можна сказаць з пэўнасьцю, што прысуд абскарджаны, і цяпер усё знаходзіцца ў стадыі афармленьня».