Праваабаронцы зноў будуць назіраць за выбарамі

Каардынатары кампаніі незалежнага назіраньня «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сустрэліся з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЭ, якія 15–16 чэрвеня наведалі Менск з афіцыйным візытам.

БДІПЧ АБСЭ заявіла пра гатоўнасьць да цеснай супрацы з «Праваабаронцамі за свабодныя выбары».

Спачатку кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) Міхаэль Георг Лінк і начальнік Сакратарыяту дырэктара БДІПЧ Жан П. Фрэлі сустрэліся са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай. Пасьля гэтага эўрапейскія чыноўнікі сустрэліся зь беларускімі праваабаронцамі — сябрам Рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімерам Лабковічам і старшынём Беларускага Хэльсынскага камітэту Алегам Гулаком.

Паводле словаў Уладзімера Лабковіча, прадстаўнікі БДІПЧ АБСЭ заявілі пра гатоўнасьць да цеснай супрацы з кампаніяй «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якая традыцыйна ладзіць незалежнае назіраньне на нацыянальным узроўні.

На пытаньне Радыё Свабода, у чым сэнс назіраньня за выбарамі, старшыня БХК Алег Гулак адказаў:

Алег ГулакАлег Гулак

«Мы не назіраем на баку некага з кандыдатаў. Мы назіраем не за тым, як нехта перамагае ці не перамагае, і ня ў нашых мэтах камусьці дапамагчы. Мы назіраем за працэдурай. Калі мы кажам пра працэдуру, мы маем на ўвазе ўсю кампанію, ад пачатку да канца, і пра тое, на якім фоне яна адбываецца, што таксама надзвычай важна. За гэтым усім мы і будзем назіраць.

Але мы ня маем ружовых акуляраў, мы ведаем усе праблемы, таму што назіралі за ўсімі выбарчымі кампаніямі раней. Але для таго, каб сказаць, якая кампанія была, трэба яе бачыць, трэба за ёй назіраць. Гэта мы і будзем рабіць. Для грамадзтва важна ведаць, што робіць улада, як паводзіць сябе апазыцыя. Важна назваць рэчы сваімі імёнамі і аб’ектыўна бачыць і зафіксаваць, што адбываецца. Каб потым з гэтага можна было зрабіць аб’ектыўныя высновы. Таму назіраньне за выбарамі, на маю думку, гэта важная грамадзкая функцыя».

Папярэднія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі назіральнікі ад АБСЭ прызналі неадпаведнымі абавязаньням у межах АБСЭ і міжнародным стандартам. Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, літаральна ў апошні дзень сьнежня, афіцыйныя беларускія ўлады прынялі рашэньне аб закрыцьці офіса АБСЭ ў Менску.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» — гэта сумесная ініцыятыва Праваабарончага цэнтру «Вясна» і Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт», якая ладзіць незалежнае назіраньне за выбарамі ў краіне з 2008 году.

Радыё Свабода