Правацэнтрысцкая кааліцыя адмовілася ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмсіл.

Кааліцыя правацэнтрысцкіх партыяў — АГП, БХД і рух «За Свабоду» — адмовіліся ўдзельнічаць у кангрэсе дэмакратычных сілаў, ініцыяваным М.Статкевічам, У.Някляевым, С.Шушкевічам.

На акцыі 16 верасьня 2015 году

Чым тлумачыцца гэтая адмова? Ці будзе ўсё ж скліканы кангрэс?

Дракахруст: Аргкамітэт кангрэсу атрымаў канчатковую адмову часткі правых арганізацыяў узяць удзел у гэтым мерапрыемстве. Папярэдняя дата яго правядзеньня — 14–15 траўня. Але ўжо стала вядома, што арганізацыі, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю — АГП, БХД і рух «За свабоду» — не далучацца да аргкамітэту.

Слухайце тут >>>

«У гэтай сувязі на парадку дня паўстае карэктыроўка фармату кангрэсу», — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Статкевіч.

Фармат кангрэсу быў ня надта зразумелы ад пачатку. Мэтай кангрэсу 2000 году было рашэньне аб супольным байкоце тагачасных парлямэнцкіх выбараў, кангрэсу 2005 году — вылучэньне адзінага кандыдата на выбары 2006 году, кангрэсу 2007 году — пазбаўленьне Мілінкевіча фармальнага статусу лідэра апазыцыі.

Гэтыя мэты былі зразумелыя і дасягальныя. Дзеля чаго склікаецца сёлетні кангрэс? Адказ на гэтае пытаньне не надта зразумелы. Пры гэтым палітычныя сілы наагул ня могуць пахваліцца велізарнай колькасьцю сваіх прыхільнікаў. Аднак у арганізатараў сёлетняга кангрэсу гэтая праблема асабліва балючая. Просты тэст: вы — дасьведчаныя дасьледчыкі палітычнага працэсу ў Беларусі. Назавіце другую асобу ў арганізацыях, якія ўзначальваюць Мікола Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч. Таму рэакцыя палітыкаў, якія нейкую колькасьць прыхільнікаў усё ж маюць, была дастаткова прадказальнай.

“Застаецца адно — падзел улады ў апазыцыі

Іншую прычыну пазначыць цяжка. Анатоль Лябедзька увесь час пасьля вызваленьня Статкевіча быў поруч зь ім, і на мітынгах перад выбарамі, і на мітынгах прадпрымальнікаў. Ніякіх асаблівых ідэалягічных супярэчнасьцяў паміж імі няма. Застаецца адно — падзел улады ў апазыцыі. Калі б была ўцямная нагода, скажам, прэзыдэнцкія выбары, то прынамсі быў бы матыў аб’ядноўвацца. А зараз дзеля чаго? Складаць у адзін кацёл кадры, рэсурсы, статусы, сувязі — а раптам іншы ўкладзе менш, а атрымае больш? Гледзячы па ўсім, той жа лёгікай кіруецца і партыя БНФ, ветліва адмаўляючы арганізатарам кангрэсу.

“Хто зараз памятае той кангрэс і яго ўдзельнікаў?

Як стала вядома, зараз яны спрабуюць працаваць з дэмакратычным актывам у рэгіёнах праз галовы кіраўнікоў партыяў, якія адмовіліся ад кангрэсу. Магчыма, гэта і дасьць нейкі плён, аднак досьвед падказвае, што наўрад ці — арганізатары кангрэсу не прапаноўваюць удзельнікам структурнай альтэрнатывы тым партыям і арганізацыям, у якіх гэтыя ўдзельнікі знаходзяцца зараз. Ну і без удзелу вядучых апазыцыйных партыяў кангрэс губляе ільвіную долю сваёй рэпрэзэнтатыўнасьці, так бы мовіць. Але напэўна ён будзе. Як быў у 2009 годзе ўжо забыты таксама кангрэс, які ўхваліў кандыдатуру Міколы Статкевіча ў прэзыдэнты. Хто зараз памятае той кангрэс і яго ўдзельнікаў?

ў пэўны момант, як паказваюць гістарычныя прыклады, чалавек, які не ўзначальваў канкрэтную структуру, можа рабіцца лідэрам шырокага руху

Цыганкоў: Калі пачынаецца падрыхтоўка да такой вялікай канфэрэнцыі, звычайна зьяўляюцца канкурэнцыя і скандалы. Гэта падкрэсьлівае, што не ўсё так цудоўна паміж апазыцыйнымі сіламі і палітыкамі. Можна выразна адчуць іх матывацыю, бо існая канфігурацыя палітычных сілаў шмат каму не падабаецца, ідзе барацьба паміж лідэрамі афіцыйнымі і нефармальнымі, паміж лідэрамі, у якіх ёсьць «штыхі» — партыйныя актывісты, і такімі, як Някляеў і Статкевіч, якія адчуваюць, што іх роля значна большая за тыя арганізацыі, якія за імі стаяць.

Калі ў цябе ёсьць афіцыйна зарэгістраваная партыя, у якой некалькі сотняў ці тысяча чалавек, гэта мае значэньне на вузкім участку фронту. Калі чалавек разьлічвае на больш шырокае лідэрства, то гэта не мае значэньня, бо ў пэўны момант, як паказваюць гістарычныя прыклады, чалавек, які не ўзначальваў канкрэтную структуру, можа рабіцца лідэрам шырокага руху. Кангрэс пакажа, хто больш мае рацыю. На жаль, гэта можа вызначыцца толькі ў выпадку яркіх і драматычных падзеяў.

“галоўны сэнс усіх дэбатаў на гэтую тэму — гэта пытаньне пра ўплыў, пра лідэрства ў дэмакратычным асяродзьдзі

Карбалевіч: Імя, вядомасьць апазыцыйнага палітыка ёсьць палітычны капітал, які больш за наяўнасьць афіцыйных структураў. Але ў найноўшай беларускай гісторыі тэрмін кангрэс дэмакратычных сілаў азначае зьезд прадстаўнікоў усіх дэмакратычных арганізацыяў. А цяпер высьвятляецца, што большасьць апазыцыйных палітычных структураў не зьбіраюцца ўдзельнічаць у сёлетнім мерапрыемстве. Таму, калі яно ўсё ж пройдзе, то ягоная назва не будзе адпавядаць зьместу і складу — гэта будзе сход прыхільнікаў пэўных палітыкаў. І ня больш за тое.
З самага пачатку зьяўленьня ідэя правядзеньня новага кангрэсу была не да канца зразумелая ягоная мэта, задача, сэнс. Выказваліся розныя абгрунтаваньні. То казалася, што кангрэс патрэбны для кансалідаванай пазыцыі апазыцыі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, то дзеля выратаваньня Беларусі. Калі казаць пра вонкавую пагрозу незалежнасьці Беларусі, то яна была больш актуальная у 2014 — 2015 гадах, адразу пасьля Крыму і Данбасу. Можа, варта было тады правесьці такі кангрэс, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Ці цяпер гаворка ідзе пра эканамічнае выратаваньне Беларусі? Тады павінныя быць нейкая праграмы выхаду Беларусі з крызысу. Але пра гэта нічога не чутна. У выніку, кангрэс, які паводле арганізатараў павінен быў бы стаць інструмэнтам кансалідацыі апазыцыі, стаў дадатковым сродкам яе расколу. Здаецца, галоўны сэнс усіх дэбатаў на гэтую тэму — гэта пытаньне пра ўплыў, пра лідэрства ў дэмакратычным асяродзьдзі. Людзі, якія выступаюць за правядзеньне кангрэсу, спадзяюцца выкарыстаць яго для ўмацаваньня сваіх пазыцыі. А іншыя лідэры па гэтай жа прычыне адмаўляюцца ў ім удзельнічаць.

Віталь ЦыганкоўЮры ДракахрустВалер Карбалевіч, Радыё Свабода