Навіны

Праз 2 месяцы Мікалая Статкевіча павінны перавезьці з турмы ў калёнію, — Марына Адамовіч

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч у лісьце дамоў ўступіў у завочную палеміку з Лукашэнкам адносна шляхоў разьвіцьця беларускай мовы. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч працытавала ягоны ліст.

«Прачытаў у газэтах, што галоўны начальнік прапанаваў трэцюю гадзіну беларускай мовы ў школах. Крок неабходны, але неэфэктыўны без стварэньня матывацыі — ведаць мову для жыцьцёвага посьпеху. Беларусы вельмі прагматычная нацыя і ня будуць масава прыкладваць намаганьні, каб ведаць мову, калі яд гэтага ня будуць залежаць паступленьне ў ВНУ, пасьпяховая вучоба ў ВНУ, пасьпяховая кар’ера».

Раней Мікалай Статкевіч шмат разоў дзяліўся думкамі пра тое, як магчыма пашырыць ужытак беларускай мовы. У тым ліку ён прапаноўваў захады на ўзроўні адной асобнай сям’і і ўсёй дзяржавы. Марына Адамовіч згадала, што як раз пасьля ліста Статкевіча на тэму становішча беларускай мовы, дасланага са Шклоўскай калёніі, на яго былі накладзеныя пакараньні.

Таксама Мікалай Статкевіч напісаў пра тое, што з ягонага турэмнага дворыку ўжо ня бачна сонца.

«У прагулачным дворыку ў адным з куткоў яшчэ ёсьць сонечная пляма, але яна ўжо занадта высокая, каб ўбачыць сонца, нават калі падскочыш».

Праз 2 месяцы, 12 студзеня 2015 закончыцца трохгадовы тэрмін пакараньня Статкевіча турмой. Марына Адамовіч разьлічвае, што яе мужа вярнуць у шклоўскую калёнію, дзе яму застанецца адбыць ад агульнага тэрміну яшчэ 2 гады.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 год зьняволеньня нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Сваёй віны палітык не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэньне аб памілаваньні. Трымаюць Статкевіча ў крытай турме ў Магілёве.

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода