«Платформа-інавэйшн»: Бабруйскую калёнію, дзе сядзіць Бандарэнка, наведаем паводле чаргі
Праваабарончая ўстанова «Платформа-інавэйшн» першай з падобных арганізацыяў атрымала дазвол наведваць калёніі і турмы.
У Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС пададзены сьпіс з 12 актывістаў установы «Платформа інавэйшн», якія цягам году будуць правяраць умовы ўтрыманьня вязьняў у беларускіх турмах і калёніях. Раней стала вядома, што «Платформа інавэйшн» першай зь недзяржаўных праваабарончых арганізацыяў атрымала дазвол наведваць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы. Ці зьбіраюцца праваабаронцы найперш наведаць калёнію № 2 у Бабруйску, дзе нядаўна апынуўся былы дырэктар «Платформы», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка? Кіраўніца праваабарончай установыАлена Красоўская-Касьпяровіч кажа, што выключэньняў яны рабіць ні для кога не зьбіраюцца.
«Не, асаблівай увагі да калёніі № 2 у нас ня будзе.Андрэй — такі самы зьняволены, як і ўсе астатнія ў Беларусі. І адносна палітвязьняў адразу скажу, што мы не аддаём перавагі таму, каб наведваць месцы, дзе знаходзяцца палітычныя зьняволеныя. Яны для нас роўныя зь іншымі, і іх месцы зьняволеньня мы будзем наведваць паводле агульнай чаргі, якую самі вызначым».
Былога палітвязьня Андрэя Бандарэнку ў жніўні асудзілі на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. У кастрычніку Менскі гарадзкі суд, які разглядаў скаргу праваабаронцы, пацьвердзіў гэты прысуд. Таксама ў кастрычніку «Платформа інавэйшн» атрымала з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС дазвол наведваць турмы і калёніі, чаго не дазвалялася, калі ўстановай кіраваўБандарэнка. Алена Красоўская-Касьпяровіч абвяргае меркаваньне, што «Платформа» стала кішэннай структурай уладаў.
«Мы ўжо чулі такія прэтэнзіі, і яны нас аніяк не турбуюць, не перашкаджаюць нашай працы. Калі некаму няма пра што гаварыць, хай гавораць».
Вядома, што пасьля арышту ў красавіку Андрэя Бандарэнкі фінансаваньне дзейнасьці праваабаронцаў значна скарацілася. У прыватнасьці, з-за недахопу сродкаў «Платформа-інавэйшн» мусіла зьехаць з былога офісу. Як будзе далей фінансавацца дзейнасьць праваабаронцаў?Алена Красоўская-Касьпяровіч не назвала крыніцаў фінансаваньня ўстановы, але запэўніла, што яны ня маюць дачыненьня да дзяржаўнага бюджэту. «Мы перажываем тыя ж фінансавыя праблемы, што ўвесь грамадзкі сэктар, і гэтак жа спрабуем іх вырашаць», — сказала дырэктарка ўстановы.
Ці існуюць у прадстаўнікоў грамадзкасьці іншыя магчымасьці, каб наведваць установы пэнітэнцыярнай сыстэмы краіны? Вядома, што пры Міністэрстве юстыцыі дзейнічае грамадзкая назіральная камісія, прадстаўнікі якой могуць наведваць турмы і калёніі. Падобныя камісіі існуюць і пры выканкамах абласьцей. «Сябры гэтых камісіяў наведваюць калёніі і робяць справаздачы, якія ёсьць на сайце Мін’юсту», — кажа дырэктарка «Платформы», якая ня лічыць працу камісіяў сыстэмы Мін’юсту эфэктыўнай:
«Яны не выкрываюць ніякіх значных праблемаў у месцах пазбаўленьня волі. Іхнія праблемы — кшталту недахопу ў калёніі кампутараў».
Алена Красоўская-Касьпяровіч прыярытэтам пры наведваньні калёніяў і турмаў назвала ўмовы ўтрыманьня вязьняў. Ці гэтага дастаткова?
Паводле былога палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, у беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы ёсьць два самыя балючыя пункты. Першы — гэта дрэннае харчаваньне, бо значная частка харчоў для вязьняў раскрадаецца адміністрацыяй. Другое — гэта бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня ў ізалятарах калёніяў і турмаў, дзе людзей трымаюць пры нізкай тэмпэратуры ды робяць ім іншыя абмежаваньні. Зьміцер Дашкевіч ня думае, што дазвол праваабаронцам «Платформы» наведваць калёніі і турмы дапаможа кардынальна вырашыць гэтыя ды іншыя балючыя праблемы. На думку Дашкевіча, акрамя грамадзкага кантролю, трэба выводзіць кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў з-пад кіраўніцтва МУС.
«З боку дзяржавы проста павінна быць іншая структура, зь іншай юрысдыкцыяй. Магчыма — Мін’юсту. Каб супрацоўнікі гэтай установы ня мелі дачыненьня да турмаў і калёніяў, раней тут не працавалі. Бо турэмшчык прыйшоў у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў працаваць, яго павысілі, і што — ён будзе кантраляваць сваю былую калёнію? Але ў цяперашніх умовах — так. Адзінае, чаго турэмшчык будзе баяцца, гэта грамадзкага кантролю. Калі пра іх пачынаюць пісаць, гаварыць, прыяжджаць да іх — ім гэта вельмі не падабаецца. Яны ж прызвычаіліся сядзець, піць гарбатку зэкаўскую, закусваць зэкаўскім шакалядам ды салам, і каб іх ніхто не чапаў. Але ўсё ж калі іх чапаюць, то яны пачынаюць лішне не распускацца, каб ніхто на іх ня скардзіўся».
Зьміцер Дашкевіч зьвярнуў увагу на тое, што ўсе візыты праваабаронцаў у каліі і турмы патрабуюць папярэдняга ўзгадненьня. «Відавочна, што зь нейкай „гарачай“ прычыны іх адразу ў калёнію ня пусьцяць, але і гэта лепей, чым нічога», — мяркуе Зьміцер Дашкевіч, якому давялося адбываць пакараньне ў калёніях у Глыбокім і Горках, а таксама ў гарадзенскай турме.