Свята

Прынамсі трое затрыманых у Менску ў Дзень Волі, сярод іх былы палітвязень Лобаў

«Дакладна вядома пра затрыманьне двух чалавек. Адзін зь іх Цімур Сідорык, які на патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі не хацеў на выхадзе згортваць сьцяг. Яны яго дагналі і што называецца адпомсьцілі. Яшчэ аднаго маладога чалавека затрымалі ў 18.20, ён адным з апошніх пакідаў плошчу Бангалор. Ягонае імя высьвятляецца, назіральнікі здымалі факт затрыманьня на відэа, але міліцыянты запатрабавалі выдаліць відэа затрыманьня», — распавяла карэспандэнту Свабоды праваабаронца Наста Лойка.

Таксама праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў пра затрыманьне былога палітвязьня Эдуарда Лобава каля станцыі мэтро Плошча Якуба Коласа.

Пазьней Эдуард Лобаў распавёў карэспандэнту Свабоды, што яго пратрымалі ў міліцыі каля 10 хвілінаў і адпусьцілі.

«Мяне затрымалі для праверкі дакумэнтаў. За тое, што на куртцы была нашыўка „Малады фронт“. Пацікавіліся я з акцыі ці не. У мяне з сабой пашпарту не было, таму мяне завялі ў апорны пункт і „прабілі“ па базе і адпусьцілі».

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода