«Пяцёрку» і «Талаку» можа аб’яднаць Мікола Статкевіч
«Пэрспэктывы таго, што нейкая згода паміж „пяцёркай“ і „Талакой“ па працэдуры абраньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году будзе дасягнутая, уяўляюцца мне мінімальнымі», — так пракамэнтаваў Свабодзе вынікі кансультацыяў, якія прайшлі сёньня ў Менску, першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.
Сёньня лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін і сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Карняенка, якія ўваходзяць у «Талаку», паведамілі прадстаўнікам іншага апазыцыйнага блёка, так званай «пяцёркі», што яны ня будуць далучацца да пагадненьня аб працэдуры абраньня адзінага кандыдата.
Прадстаўнікі «пяцёркі» — партыяў БНФ і БСДП («Грамада»), аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі БХД, руху «За свабоду», грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» — прынялі гэта да ведама, гаворыць Юрась Губарэвіч:
Але мы пакідаем дзьверы адчыненымі. Мы чакаем, што калі нашы партнэры з АГП і „Справядлівага сьвету“ сфармулююць нейкія дадаткі ці прапановы па зьменах той працэдуры, якая ўхваленая „пяцёркай“, то мы зможам вярнуцца да гэтага пытаньня. Аднак пэрспэктывы таго, што нейкая згода будзе дасягнутая, мне ўяўляюцца досыць мінімальнымі».
На пытаньне Свабоды, ці дамовіліся партнэры аб чарговых кансультацыях, Юрась Губарэвіч заявіў:
«Хутчэй за ўсё падобныя кансультацыі будуць працягвацца. Бо ў нас ёсьць і некаторыя іншыя тэмы — напрыклад, правядзеньне кампаніі ў падтрымку Міколы Статкевіча. Тут ёсьць пазыцыя „пяцёркі“ — такая кампанія можа быць эфэктыўнай толькі тады, калі яна будзе праводзіцца супольна. А калі адзін ці другі кандыдат будзе выкарыстоўваць тэму Статкевіча толькі дзеля сваёй кампаніі і толькі на сваю карысьць, то ўсё ператворыцца ў прафанацыю.
Мне падаецца, што нашы калегі нас пачулі. Вырашылі, што пасьля правядзеньня кансультацыяў з аргкамітэтам у справе стварэньня БСДП („Народная грамада“), лідэрам якога зьяўляецца Мікола Статкевіч, на наступнай сустрэчы мы зможам паразважаць, ці магчымы супольны сцэнар кампаніі ў падтрымку Статкевіча».
Сем апазыцыйных арганізацыяў, аб’яднаных у «пяцёрку» і «Талаку», пачынаючы працу над працэдурай вылучэньня адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў, дамовіліся — рашэньне лічыцца правамоцным паводле прынцыпу «кансэнсус» мінус адзін голас. Так што для таго, каб працэдура стала законам, неабходная згода як найменей шасьці суб’ектаў зь сямі.