Тэма вылучэння адзінага кандыдата фактычна зачынена
1 снежня прайшлі кансультацыі прадстаўнікоў сямі дэмакратычных арганізацый: Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», руху «За Свабоду», Аб\’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, кампаніі «Гавары праўду», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
«Прадстаўнікі АГП і «Справядлівага свету» пацвердзілі свае пазіцыі аб тым, што яны не бачаць сёння магчымасці для вылучэння адзінага кандыдата», — сказаў Губарэвіч. Разам з тым, зазначыў ён, пяць арганізацый, якія падпісалі пагадненне аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата, «пакідаюць для дзвюх структур магчымасць нейкім чынам працягнуць сумесны працэс».
«Калі яны будуць гатовыя сфармуляваць свае прапановы і далучыцца да працэсу вылучэння адзінага кандыдата, мы іх разгледзім», — сказаў Губарэвіч.
Нагадаем, аб падпісанні дакумента аб працэдуры выбрання адзінага кандыдата заявілі БСДП (Грамада), рух «За Свабоду», кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ і аргкамітэт БХД.
У перамовах аб выбранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі бяруць удзел яшчэ дзве структуры: «Справядлівы свет» і АГП. Аргументам АГП аб нежаданні далучыцца да працэдуры стала адсутнасць канкрэтных асоб, якія маюць намер вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты. Пры гэтым сама партыя яшчэ ў маі заявіла пра тое, што яе лідар будзе браць удзел у выбарах.