Рада Беларускага нацыянальнага кангрэса падтрымала акцыю 12 верасня.
Рада БНК падцвердзіла сваю падтрымку акцыі 12 верасня.
Аб гэтым паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Мікалай Статкевіч.
Прыводзім тэкст заявы цалкам.
ЗАЯВА
Рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу
Наша краіна апынулася ў палітычным і эканамічным тупіку, выйсцем з якога маглі б стаць дэмакратычныя, свабодныя, справядлівыя парламенцкія выбары.
Улада абяцала такія выбары правесці. Але яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі, у падрыхтоўцы і правядзенні якой былі адхіленыя практычна ўсе рэкамендацыі БДІПЧ/АБСЕ, стала зразумела, што сапраўдных выбараў праводзіць рэжым не збіраецца. Сёння ж, калі людзей проста заганяюць на датэрміновае галасаванне, калі йдзе цынічны гандаль за прызначэнне ў палату прадстаўнікоў аднаго-двух дэпутатаў ад апазіцыі, прафанацыя выбараў відавочная. І гэта ў той час, калі свабодныя, справядлівыя выбары краіне проста жыццёва неабходныя.
Пайшоўшы на чарговы падман выбарнікаў, цяперашні беларускі рэжым зноў засведчыў, што клопат ягоны не пра краіну і не пра народ, а выключна пра сябе, пра самазахаванне. Цынічнага падману ўлады, яе зняважлівых адносінаў да грамадзян Беларусі і да міжнароднай дэмакратычнай супольнасці нельга не заўважыць, не даць на гэта адказу.
Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу заклікае ўсіх, хто ўсведамляе сваю адказнасць за будучыню незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі, на мірную акцыю з патрабаваннем свабодных, справядлівых, сапраўдных выбараў!
Права на выяўленне нашай грамадзянскай пазіцыі гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Беларускія ўлады аб правядзенні акцыі ўведамленыя.
Месца і час акцыі:
КАСТРЫЧНІЦКАЯ ПЛОШЧА МІНСКА, 12 ВЕРАСНЯ а 18.00.С
Жыве Беларусь!