Рада БНК: Рыхтуецца чарговы выбарчы фарс

Беларуская апазіцыя павінна выступіць адзінай сілай з патрабаваннем адкрытых, сумленных выбараў пад міжнародным кантролем.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Рады Беларускага нацыянальнага кангрэса, якую адзін з лідараў беларускай апазіцыі, старшыня аргкамітэту для стварэння Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч апублікаваў у «Фэйсбуку».

Эканамічная сітуацыя ў Беларусі настолькі катастрафічная, што без палітычных рэформаў, якія з\’яўляюцца абавязковай умовай рэформаў эканамічных, крызісу не даць рады.

Падрыхтаваць заканадаўчую базу для рэформаў павінен парламент, таму дэмакратычныя апазіцыйныя сілы былі гатовыя выкарыстоўваць нават невялікі шанец у парламенцкай кампаніі, каб пачаць змены ў краіне мірным шляхам. Аднак дыктатура заклапочаная толькі самазахаваннем, пра што сведчаць усе пастановы ўлады, звязаныя з “выбарамі”.

Дэмакратычныя сілы па-ранейшаму абмежаваныя ў магчымасцях і сродках для правядзення выбарчай кампаніі, ніякіх шанцаў для сумленнай канкурэнцыі ўлада ім не дае. Няма свабоды слова, доступу дэмакратычнай супольнасці да дзяржаўных СМІ. У турмах знаходзяцца палітвязні, працягваецца пераслед грамадскіх актывістаў і незалежных журналістаў, у практыку рэжыму вяртаюцца наватпсіхіятрычныя рэпрэсіі.

Рэжым адмаўляецца рэабілітаваць палітвязняў, несправядліва асуджаных за ўдзел у «выбарах» 2010 года, пазбаўляючы іх грамадзянскіх і палітычных правоў.

Шэраг дэмакратычных партый пазбаўленыя рэгістрацыі і магчымасці вылучэння кандыдатаў. Улады не правялі расследавання фальсіфікацый шматлікіх папярэдніх выбараў і не прыцягнулі вінаватых да адказнасці. «Выбары» будзе праводзіць тая ж група фальсіфікатараў, што і раней.

З трыццаці рэкамендацый БДІПЧ/АБСЕ пад увагу пры падрыхтоўцы да «выбараў» прынятыя толькі дзве. Назіральнікі па-ранейшаму пазбаўленыя магчымасці кантраляваць падлік галасоў. У тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі ўключаная мізэрная колькасць прадстаўнікоў апазіцыі, удвая менш, чым на папярэдніх «выбарах». Захоўваецца адзін з асноўных інструментаў фальсіфікацый: датэрміновае галасаванне.

Захоўваюцца непразрыстыя ўмовы фінансавання кандыдатаў. Праўладныя кандыдаты карыстаюцца адміністрацыйным рэсурсам, а альтэрнатыўныя ўладзе кандыдаты пазбаўленыя нават таго, што мелі раней: бюджэтных сродкаў на друк агітацыйных матэрыялаў. Не могуць кандыдаты ад апазіцыі разлічваць і на дапамогу бізнэсу, бо такая дапамога пагражае пераследам.

Цалкам відавочна, што рэжым рыхтуе чарговы выбарчы фарс. Такія безадказныя дзеянні ўладаў толькі паглыбяць крызіс, і прычыняцца да далейшага збяднення народа. У выніку дзеянняў улады ствараецца пагроза незалежнасці беларускай дзяржавы.

Каб гэтага не здарылася, беларуская дэмакратычная апазіцыя павінна выступіць адзінай сілай з патрабаваннем адкрытых, сумленных выбараў пад міжнародным кантролем.

Нагадаем, што Беларускі нацыянальны кангрэс быў створаны з мэтай аб\’яднання беларускай апазіцыі ў варунках сістэмнага крызісу, які ахапіў краіну праз кіраванне Лукашэнкі.

У аргкамітэт Кангрэсу ўвайшлі вядомыя палітычныя лідары Беларусі: экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасціГенадзь Фядыніч, лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык, сустаршыня «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў.

Першы сход Беларускага нацыянальнага кангрэса прайшоў 15 траўня ў Менску каля помніка Янку Купалу, бо ўлады адмовілі арганізатарам кангрэсу ў памяшканні.

Хартыя\’97