Актуальна

Раздрай пагражае незалежнасці

Мікалай Статкевіч выклаў сваё бачанне бліжэйшых задач дэакратычных сілаў.

У снежні мінулага года група выбітных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і грамадства звярнуліся да лідараў дэмакратычных арганізацыяў з заклікам да кансалідацыі і выпрацоўкі агульнай стратэгіі на кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч на вечарные памяці Вацлава Гавела

Частка адрасатаў звароту адрэагавала на яго і ўвайшла ў склад аргкамітэту кангрэса. Частка ўзяла час на роздум. Зараз ідуць кансультацыі паміж гэтымі часткамі. А ўчора адзін з палітыкаў нарэшце агучыў грамадскасці прычыну сваіх доўгіх роздумаў: “…даже среди инициаторов конгресса нет общего видения стратегии объединения”. Нібыта не зразумеўшы, што выпрацоўка такой стратэгіі і ёсць задача кангрэсу, якая будзе вырашана падчас яго падрыхтоўкі і правядзення. Прычым гэты палітык пад стратэгіяй аб\’яднання меў на ўвазе толькі парламентскія “выбары”. 

Сапраўды, сітуацыя парадаксальная — на неіснуючыя выбары ўжо заяўлены намеры выставіць 6 канкуруючых апазіцыйных спісаў. Парламентскія “выбары” ў нас зараз праводзяцца ў адзін тур. Для перамогі дастаткова адноснай большасці. Пры 5 і болей кандыдатаў на адну акругу дастаткова атрымаць 25-30%, каб стаць пераможцам. Ды пры такой апазіцыі ўлады могуць смела пагаджацца на адкрыты падлік бюлетэняў. Тым болей, што папярэдняе галасаванне і “каруселі” ў іх у запасе ёсць.

Але не чарговыя “выбары” ёсць галоўнай праблемай для беларускіх дэмакратычных сілаў у сённяшняй сітуацыі. За гэтым бясконцым безнадзейным хаджэннем па “выбарчаму” колу некаторые апазіцыйныя кіраўнікі не бачаць ці не хочуць бачыць тых кардынальных зменаў, якія адбыліся ў Беларусі і вакол яе. Не заўважылі пачатку апошняй агоніі палітыка-эканамічнай мадэлі беларускага рэжыму. 

Наша краіна стаіць на парозе драматычных зменаў. Самае небяспечнае, што гэтыя змены могуць быць інспіраваны звонку і накіраваны на ліквідацыю нашай дзяржоўнасці. Аналізуючы мэтазгоднасць умяшання, варожыя нашай незалежнасці сілы ўлічваюць і верагоднасць сцэнару, калі ў яго выніку ініцыятыву перахопяць незалежніцкія дэмакратычныя сілы. 

Такім чынам, наяўнасць у Беларусі кансалідаванай праеўрапейскай апазіцыі, здольнай узяць на сябе прэзентацыю сацыяльнага пратэсту, які спее на вачах, можа прадухіліць пагрозу нашай дзяржаўнасці. Адсутнасць такой апазіцыі стварае спакусу для патэнцыйнага агрэсара. Тым болей, што тады для значнай часткі беларускага грамадства застанецца адзін патэнцыйны лідар пратэсту — навязаны расійскай тэлевізіяй Уладзімір Пуцін. 

Тыя, хто замінае кансалідацыі дэмакратычных сілаў, бяруць на сябе цяжкую адказнасць. Але, незалежна ад іх намаганняў, кангрэс адбудзецца і яго вынікам стане кансалідацыя калі не ўсіх дэмакратычных сілаў, то іх найбольш адказнай і дзеяздольнай часткі.

Мікалай Статкевіч

са старонкі ў Фэйсбуку