Рэабілітацыя ці “аднаўленне ў правах”?

Кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, палітвязень Мікалай Статкевіч выказаў сваё стаўленне да дыскусіі па пытанні рэабілітацыі палітвязняў, якая выйшла за межы сацыяльных сетак.

Ён напісаў:

“Засмуціла інфармацыя, што некаторыя праваабаронцы хочуць зняць патрабаванне “рэабілітацыі” на карысць “аднаўлення ў правах”. Разумею, што першы варыянт зараз маларэальны. Але, на мой погляд, праваабаронцы павінны абараняць правы чалавека, у тым ліку, права на справядлівы суд, на абарону чалавечай годнасці. А кансультаваць улады, як вылузгвацца з гэтай сітуацыі – не іх задача. Для гэтага ёсць спецыяльна навучаныя людзі. Урэшце, у нас указ мае больш высокі прававы статус, чым закон. Магчыма ўсё. А вось сама адмова ад “рэабілітацыі” можа быць патлумачана (вядома кім), як прызнанне нас віноўнымі. Матывы змены пазіцыі па-чалавечы зразумелыя – людзі стамляюцца працаваць пад прэсам. Хочацца  паказаць сваю “канструктыўнасць” і зменьшыць гэты ціск. Але ўсё гэта з’яўляецца здрадай свайму самапрызначэнню. Шкада.”

Палітык ізноў звярнуўся да падзеяў пачатку ліпеня, пра якія мы паведамлялі раней – начных крыкаў у турме. “9.07 быў абход пракурора. Я прасіў яго сустрэцца з Яўгенам і Мікалаем, каб высветліць іх стан. Пракурор адказаў, што ён толькі што з “крытага” корпуса і што там усё нармальна. Начальнік турмы дадаў, што пасля азнаямлення з маім лістом, ён загадаў апытаць усіх у “крытай”, і там ніхто ніякіх крыкаў не чуў. Па яго меркаванню, крычалі з-за межаў турмы і гэта была правакацыя.

Я думаю, што сапраўды, ніхто не сказаў, што нешта чуў. Але тут звычайна публічна не расказваюць адміністрацыі ці пракурору аб тым, што адбываецца ў камеры паміж асуджанымі…”

У гэтай сувязі Мікалай Статкевіч вельмі настойліва просіць высветліць, як справы ў Яўгена і Мікалая, выказвае вялікае хваляванне за іх.

Палітвязень зрабіў даволі сумную выснову аб сённяшнім узроўні салідарнасці ў грамадстве: “З сітуацыі вакол начных крыкаў я зразумеў, што ніхто з праваабаронцаў рэгулярна не сустракаецца са сваякамі “палітычных”. Безумоўна, складваць рэгулярныя спрааздачы па матэрыялам незалежных журналістаў і выносіць вердыкты, хто палітвязень, а хто – не, – гэта важна. Але не меней важны маніторынг сітуацыі кожнага з “палітычных”, падтрымка іх блізкіх. Нас жа не так ужо і шмат зараз. Праваабарончых арганізацый мо болей”.