Навіны

Рэжым афігеў – актывістаў пачынаюць судзіць за няўдзел у акцыях пратэста

11 снежня ў 16.30 у судзе Заводскага раёна Мінска будуць судзіць нашага таварыша па Народнай Грамадзе Аляксея Скрыпніка за “Марш абураных беларусаў” 21 кастрычніка. Аляксей удзельнічаў у папярэдніх акцыях, тэрмін адказнасці за якія (два месяцы) ужо сыйшоў. Але акцыю 21 кастрычніка якраз прапусціў.

Безумоўна, у судзе два робаты з алавянымі вачыма будуць нудзець “махал руками, выкрикивал лозунги”, а “суддзя” зробіць выгляд, што верыць іх хлусні. Але мы разумеем – Аляксея судзяць за няўдзел.

Мы адразу адкідваем аргумент, што рэжым штрафамі хоча паправіць сваё фінансавае становішча. Бо ўсіх штрафаў за ўсе акцыі не хопіць на адзін залаты ўнітаз у адной з рэзідэнцый “перасідэнта”. А тыя, хто некалі хадзілі “за хлеў”, чамусьці вельмі любяць залатыя ўнітазы.

Наконт запалохвання – таксама не той варыянт. Аляксея гэтым не запалохаеш.

Застаецца толькі адна прычына такога дзіўнага “суда”. Кампанія “навядзення парадку на зямлі”, што праводзіць улада, нарэшце дабралася да апазіцыі. Бо сапраўды, становішча простых людзей у краіне ўсё пагаршаецца, а значная частка апазіцыі, якую яшчэ называюць “пакаёвай апазіцыяй”, толькі робіць выгляд, што змагаецца за народ. Толькі заявы пішуць ды на “выбары”, дзе галасоў не лічаць, ходзяць. Спадзяюцца, што ўлада іх “дэпутатамі” выбярэ. Хаця вядома, якіх яна можа выбраць.

Калі няма выбараў, то сапраўдная апазіцыя абавязана людзей на вулічныя пратэсты выводзіць. А гэтыя калі і выйдуць на вуліцу, то толькі ў якім небудзь Бруселі.

Таму ўлада і пачала штрафаваць іх за невыкананне сваіх абавязкаў. Але ж не з таго пачынаеце – Аляксей толькі адну акцыю прапусціў. З кім не бывае.

А калі без жартаў – прыходзьце падтрымаць мужнага і годнага чалавека Аляксея Скрыпніка.
11 снежня ў 16.30 – суд Заводскага раёна (Партызанскі пр-т, 75а), каб. 37.

Мікалай Статкевіч, Фэйсбук