Беларускі Нацыянальны Кангрэс

"Рэжым баіцца народа больш, чым страты незалежнасці"

Рада БНК патрабуе неадкладнага вызвалення Ўладзіміра Някляева і спынення рэпрэсій супраць патрыётаў.

Аб гэтым гаворыцца ў заяве Рады ў сувязі з арыштам Уладзіміра Някляева.

“Рэжым арыштаваў на 7 дзён сябра Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэса, экс-кандыдата ў прэзідэнты і выбітнага паэта Уладзіміра Някляева. Нагодай для арышта стаў удзел Някляева 8 верасня ў Акцыі папярэджання супраць вайсковых вучэнняў “Захад-2017”.

Сілавыя структуры рэжыма эфектыўныя толькі супраць уласнага народа і няздатныя супрацьстаяць пагрозе незалежнасці з боку расійскіх войскаў. Таму рэжым спачатку даў магчымасць патрыётам правесці Акцыю папярэджання і нават адклаў дзеля гэтага выкананне адміністрацыйных арыштаў для некаторых яе арганізатараў.

Пасля Акцыі папярэджання былі агучаны планы БНК правесці 21 кастрычніка “Марш абураных беларусаў 2.0”. Рэжым запанікаваў і аднавіў рэпрэсіі супраць патрыятычных лідараў. Улада ў чарговы раз паказала, што баіцца свайго народа больш, чым страты незалежнасці і варожай акупацыі.

Рада БНК патрабуе неадкладнага вызвалення Ўладзіміра Някляева і спынення рэпрэсій супраць патрыётаў. Мы звяртаемся да беларускага грамадства з заклікам да салідарнасці і заяўляем пра сваю рашучасць годна і моцна правесці “Марш абураных беларусаў 2.0”.

Уладу – народу!
Жыве Беларусь!”