Рэжыму трэба запалохваць грамадства напярэдадні сацыяльных акцый

На форуме «Свабоду палітвязням» абмеркавалі сітуацыю з рэпрэсаванымі і разгледзелі шляхі іх падтрымкі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі БХД, АГП, установы “Тайм-акт”, ініцыятывы “Крок да закону”, праваабарончай групы “За Волю”, камітэта бацькоў беларускіх добраахвотнікаў, што ваююць за Украіну. Прысутнічалі і выступалі Мікола Статкевіч, Ганна Шапуцька, Павал Севярынец, Вольга Маёрава, Мікола Дзядок, Мікалай Аўтуховіч, Міхаіл Пастухоў, Аляксей Туровіч, Васіль Завадскі, Вольга Мікалайчык, Віктар Мельнікаў, маці вязня Тараса Аватарава.

Рэжыму трэбна запалохваць грамадства напярэдадні сацыяльных акцый, бо расце сацыяльнае напружанне. Праўладныя аналітыкі ўжо зараз увязваюць магчымыя сацыяльныя пратэсты з дзеяннямі расійскіх спецслужбаў. Такім чынам, Захаду дасылаецца сігнал, што нейтралізуючы завадатараў гэтых акцый, улада нейтралізуе агентаў Масквы. Мы павінны на такія захады ўладаў рэагаваць хутка і своечасова”, — адзначыў Мікола Статкевіч.

Маці Тараса Аватарава, якога затрымалі па вяртанні з Украіны і асудзілі да 5 гадоў калоніі “за незаконныя дзеянні ў адносінах да зброі і боепрыпасаў ды ў кантрабандзе ” (ч. 2 арт. 295 і ч. 2 арт. 228 КК), зачытала ліст сына, які ён даслаў з-за кратаў.

Ганна Шапуцька адзначыла важнасць неадкладнай адмены артыкула 411 КК, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за дысцыплінарныя парушэнні вязняў: “Гэта жахлівая з’ява, калі прадугледжана і ужываецца дадатковае крымінальнае пакаранне за дысцыплінарныя парушэнні вязняў”.

Прычым, ступень цяжкасці парушэння зазвычай вызначаецца адвольна кантралёрамі, якія гэтым правам вельмі часта злоўжываюць. Актывістка падкрэсліла, што за малазначныя парушэнні, за якія нельга караць у крымінальным парадку, урэшце заводзяць крымінальную справу паводле артыкула 411 КК. Так сталася з Андрэем Бандарэнкам, які апынуўся за кратамі фактычна за сваю праваабарончую дзейнасць. Цяпер Андрэю, які знаходзіцца ў магілёўскай крытай турме, пагражае падаўжэнне тэрміну зняволення. 

Былы палітвязень Мікола Дзядок распавёў, што хаця па артыкуле 411 КК дадаюць 1-2 гады, ён не абмежаваны ў прымяненні. Паводле яго слоў, ёсць выпадкі, калі людзі асуджаныя на 3 гады сядзелі па 7 гадоў. Зразумела, што лёс вязня пры наяўнасці артыкула 411 КК аказваецца ў поўнай залежнасці ад стаўлення адміністрацыі калоніі.

Таксама экс-вязень звярнуў увагу на артыкул 410 КК (дэзарганізацыя працы папраўчай ўстановы), трактоўка якога дазваляе яго скарыстаць супраць любога вязня. 

Мікола Дзядок таксама адзначыў, што ціск на палітвязняў адміністрацыя калоніі ажыццяўляе цалкам паводле інтрукцый КДБ. Па меркаванні актывіста, трэба патрабаваць поўнай адмены артыкулаў КК, якія супярэчаць беларускаму і міжнароднаму заканадаўству ў сферы правоў чалавека, а таксама спрабаваць уплываць на нашы ўлады праз міжнародныя структуры.

Мікалай Аўтуховіч распавёў пра наведванне з Паўлам Севярынцам Уладзіміра Кондруся, які быў асуджаны на паўтары гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову за ўдзел у Плошчы-2010. Кондрусь, прынцыпова адмаўляецца выконваць патрабаванні міліцыі, якія абумоўленыя абмежаваннем волі, бо не лічыць сябе вінаватым. У сувязі з гэтым яму пагражае узмацненне пакарання.

Удзельнікі форуму распавядалі пра жудасныя умовы ў беларускіх калоніях, як побытавыя, так і маральна-псіхалагічныя, пра тое, што турэмнаму доктару прасцей “спісаць” чалавека, каб ён памёр, чым лекаваць і браць за яго адказнасць. У бальшыні калоній, адміністрацыя выкарыстоўвае “блатных” для ціску на зняволеных, якія спрабуюць пратэставаць альбо іншым чынам адстаяць свае правы. Прысутныя прыйшлі да агульнай высновы, што трэба дамагацца, каб палітвязням дазвалялася прымаць пасылкі не толькі ад сваякоў, каб у вязняў заўсёды была магчымасць патэлефанаваць на волю і распавесці пра ўмовы утрымання за кратамі.

На думку Міхаіла Пастухова, патрэбна радыкальная рэформа пенітэнцыярнай сістэмы. Але ў першую чаргу трэба патрабаваць адмены артыкула 411 КК, па якім у другой палове лютага будуць судзіць Андрэя Бандарэнку, і які пагражае Міхаілу Жамчужнаму. Таму ўдзельнікі форуму падпісалі сумесны зварот Генеральнаму пракурору з просьбай праверыць наколькі законна ўжыты да Андрэя Бандарэнкі артыкул 411 (бо дысцыплінарныя парушэнні вязня зусім малазначныя альбо надуманныя), а таксама паспрыяць выключэнню артыкула 411 з крымінальнага кодэкса. Плануецца таксама кампанія супраць артыкула 411 у незалежных СМІ.

Вольга Маёрава распавяла пра эканамічны ціск на актывістаў, які прыняў у 2016 годзе беспрэцэдэнтныя формы і нагадала пра магчымасць падпісацца пад зваротам з патрабаваннем спыніць практыку штрафавання актывістаў за ўдзел у несанкцыяваных вулічных акцыях.

Удзельнікі форума актуалізавалі спіс палітзняволеных. Цяпер, паводле форума, у яго уваходзяць дзевяць чалавекАлесь Юркойць, Вадзім Бойка, Ілля Валовік, Тарас Аватараў, Ірына Моцная, Аляксей Жалноў, Міхаіл Жамчужны, Андрэй Бандарэнка, Аляксандр Лапіцкі.

Форум заклікаў грамадзян прыйсці на суды над Андрэем Бандарэнкам і над антыфашыстамі, а таксама падтрымаць хаця б лістамі і паштоўкамі Ірыну Моцную, якая паводле тых, хто трымае з ёй перапіску, знаходзіцца ў адчаі.

novychas.by