Рост сацыяльнай напружанасці пагражае ўладзе масавымі пратэстамі. Заява Рады БНК
ЗАЯВА
РАДЫ БЕЛАРУСКАГА НАЦЫЯНАЛЬНАГА КАНГРЭСУ
Палітыка-эканамічная мадэль, створаная цяперашняй уладай, у тупіковым, небяспечным для існавання краіны стане. Дзеля пераадолення эканамічнай стагнацыі неабходны неадкладныя рэформы, найперш звязаныя са змяншэннем дзяржаўнага сектара эканомікі і кардынальнымі зменамі ў сістэме кіравання ім, наданнем большай самастойнасці дзяржаўным прадпрыемствам з гарантыямі права ўласнасці, забяспячэннем незалежнасці судоў. Аднак улада на даўно наспелыя рэформы пайсці не можа, бо звязала кантроль над эканомікай з палітычным кантролем над занятымі ў ёй грамадзянамі. Вывесці эканоміку са стагнацыі сённяшняе кіраўніцтва краіны проста не здольнае.
Для фінансавання раздзьмутай дзяржмашыны, процьмы чыноўнікаў і сілавікоў улада ўсё глыбей залазіць у кішэні грамадзянаў, імкнецца захапіць і перадаць сваім служкам паспяховыя бізнэсы. Расце, як базіс гэтай улады, карупцыя – і адначасова робяцца чарговыя спробы атрымаць грошы з беспрацоўных. Рознымі спосабамі душацца прыватныя ініцыятывы. Напрыклад, наладжаны бізнэс маршрутных таксі, па сутнасці, ліквідуецца праз перадачу яго манапольным перавозчыкам. Гэта вядзе да падвышэння кошту паслуг для насельніцтва, пазбаўлення тысяч людзей, занятых у дробным біснэсе, сродкаў да існавання.
Рост сацыяльнай напружанасці пагражае ўладзе масавымі пратэстамі, таму ў краіне ўзмацняецца паліцэйшчына, не сканчаюцца рэпрэсіі. Працягваецца крымінальная справа супраць прафсаюза РЭП. Да крымінальнай адказнасці спрабуюць прыцягнуць удзельніка мінулагодніх пратэстаў Святаслава Барановіча. Усе часцей супраць іншадумцаў выкарыстоўваецца карная псіхіятрыя.
Улада прыкладае намаганні, каб узяць пад свой кантроль, або спыніць дзейнасць незалежных СМІ. Блакаваны самы папулярны беларускі палітычны інтэрнэт-рэсурс “Хартыя-97”. Пашыраецца пераслед журналістаў тэлеканала “Белсат”, а таксама незалежных блогераў.
Дзеля таго, каб зменшыць актыўнасць нацыянальна-дэмакратычных сіл, улада пайшла на сімвалічныя саступкі патрыётам. Мы не мусім гэтым падманвацца, не бачыць, што антынацыянальная, антыдэмакратычная палітыка ўлады нязменная.
У звязку з вышэйвыкладзеным Рада БНК заяўляе пра сваю рашучасць працягваць барацьбу за свабоду і незалежнасць нашай краіны, за правы грамадзянаў Беларусі.
Уладу – народу!
Жыве Беларусь!
10 сакавіка 2018,
Мінск