Мікалай Статкевіч: Не трэба сябе падманваць.
Пасля таго, як адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэса заявіў пра неабходнасць у любым выпадку зладзіць у Мінску шэсце 25 сакавіка на Дзень Волі, прымеркаванае да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, у інтэрнэце і СМІ на палітыка абрынуўся шквал крытыкі.
Многія называлі яго, напрыклад, правакатарам, які, маўляў, дзеля задавальнення ўласных амбіцыяў гатовы зноў кінуць людзей пад міліцэйскія дручкі, ператварыць свята ў чарговую бессэнсоўную акцыю пратэсту. «Новы Час» пагутарыў з самім Міколам Статкевічам.
— Як вы ставіцеся да крытыкі на свой адрас у інтэрнэце і традыцыйных СМІ з нагоды прапанаванага вамі фармату адзначэння юбілею БНР у выглядзе шэсця ў цэнтры сталіцы?
— Спакойна, бо разумею матывы гэтай крытыкі. Я адразу адкіну тых, хто персанальна не хоча стаяць перад выбарам — выходзіць на, магчыма, не санкцыянаванае шэсце або адчуваць сябе неяк ніякавата і гэтак далей. Я пра іншае. Думаю, гэта меркаванне аднаго грамадскага слоя. Слоя, які падзяляе ідэалы незалежнасці, які прасунуты, які ведае, што такое БНР, і хоча святкаваць яе юбілей. Але, на жаль, гэты слой у абсалютнай меншасці ў нашым грамадстве, хаця ў пэўным сегменце Фэйсбука ён, безумоўна, пераважае, і не больш за тое.
А я ў сілу сваіх партыйных і грамадскіх абавязкаў мушу думаць пра стаўленне большасці беларускага народа. Бо ў мінулым годзе нам упершыню за доўгі-доўгі час, ад самага пачатку 1990-х, удалося звярнуць яго ўвагу на сябе, на свае ідэі, на гэтую дату. Гэта каштуе вельмі дарагога, бо без падтрымкі большасцю народа мы раней ці пазней наступім на тыя ж граблі. Я ўспамінаю пачатак дзевяностых, калі выходзілі тысячы і тысячы, са сцягамі, і святкаванні былі ў цэнтры, і канцэрты, і ўсё было цудоўна. А потым людзі пайшлі на выбары і абралі зусім іншых палітыкаў. Наступствы мы разграбаем дагэтуль.
25 сакавіка мінулага года беларускі народ, прынамсі, пратэстная і найбольш актыўная яго частка, надала гэтаму дню новы ясны сэнс. Гэта дорага каштавала людзям, але давер, які спарадзіўся, першыя яго парасткі да нашых ідэяў, да нашых поглядаў і да нашых арганізацыяў, урэшце, і персаналіяў нельга загубіць. Гэтыя людзі, якім зараз не да святаў і не да канцэртаў, і асабліва не да гісторыі, вельмі кепска зразумеюць нас, калі мы ўсяго толькі пойдзем да таго месца ў загародку, каб толькі святкаваць і не больш.
Я не супрацьстаўляю свята шэсцю, мы ж падалі заяўку і на тое, і на тое, але я настойваю на тым, каб было годнае шэсце, каб людзі маглі прыйсці туды са сваім болем, праблемамі і нават пратэстам. Бо свята святам, а мы ладзім гэта як святочнае шэсце, але ж заўсёды ўсе шэсці на гэты дзень уключалі магчымасць для людзей выказацца пісьмова ці скандаваннем пэўных лозунгаў. І пратэстных лозунгаў мы ні ў каго забіраць не будзем.
— Ці мусяць турбавацца з гэтай нагоды тыя, хто арганізуе святочны канцэрт каля Опернага тэатра?
— Тым, хто так хацеў канцэрта, варта супакоіцца, бо яны атрымалі тое, што хацелі, дзякуючы нам. Няўжо не зразумела, што калі б там не было Беларускага нацыянальнага кангрэса і тых, хто выходзіў на несанкцыянаваныя шэсці два з паловай гады, то ніякай пляцоўкі каля Опернага тэатра мы б не атрымалі? Быў бы звыклы Бангалор, і ўсе туды звыкла б пайшлі.
Я не разумею гэтай істэрыі, гэтых абраз з нагоды таго, што пэўная колькасць людзей хоча захаваць традыцыю шэсця, не хоча даць магчымасць уладзе выставіць нас перад народам, перад большасцю як нейкіх блазнаў, якія збяруцца і будуць скакаць, калі людзям усё горай і горай, да таго ж у гадавіну жудаснага разгону. Чаму вы так супраць выбару?
Мы проста даем выбар, і я не спадзяюся, што людзей, якія выберуць шэсце, калі ўлады яго ўсё ж не дазволяць, будзе болей, чым тых, хто збярэцца толькі на канцэрт. Зараз мы спрабуем пасоўваць час пачатку шэсця, бо пакуль гэты час супадае з пачаткам канцэрту. Думаю, тыя з удзельнікаў шэсця, хто захочуць паспець на канцэрт, яны паспеюць. Таму ўсё нармальна, усім варта супакоіцца і разабрацца найперш у сабе, у сваіх унутраных матывах. Даруйце, я вам не псіхатэрапеўт, я раблю тое, што павінен рабіць. Нехта павінен думаць, што будзе на наступны дзень пасля гэтага свята, што будзе з Беларуссю праз год, праз два і ці захаваецца яна.
— Ці не адштурхне ад удзелу ў шэсці пэўную частку людзей, калі яно не будзе дазволенае? Бо яшчэ свежыя ўспаміны пра леташнія падзеі 25 сакавіка.
— Хай людзі наўпрост ідуць на канцэрт. Мы ж даем выбар. У чым праблема? У чалавека ёсць выбар — шэсце або канцэрт, або тое і тое, або нічога. Але навошта бэсціць тых, хто выбраў варыянт паказаць наш сцяг не толькі сярод дрэваў, а на Праспекце Незалежнасці ў 100-ю гадавіну БНР, выбраў годнае шэсце, каб паказаць нашаму народу, што мы памятаем пра яго, што мы не зрабіліся нейкімі ручнымі і памятаем пра тое, што адбылося год таму. Чаму трэба бэсціць і зменшыць іх колькасць? Я не разумею. Я ж не заклікаю нікога, маўляў, не хадзіце на канцэрт, наадварот, мы ж стараліся для вас, мы здабылі яго для вас. Хоць маглі здабыць усё разам, але дзякуючы сепаратным дзеянням меншасці аргкамітэта мы зараз спрабуем усё гэта выдраць па кавалках: канцэрт ёсць, зараз выдзіраем шэсце.
Калі за свабоду ніхто не змагаецца, яна знікае. Сцяг, які не з’яўляецца ў цэнтры сталіцы, пераўтвараецца ў сцяг секты. Мы хочам усё гэта вярнуць у свядомасць, мы хочам свабоды і незалежнасці Беларусі. Тыя косткі, што ўлады нам зараз кідаюць, яны пераломяць сітуацыю? Хіба ў нас ужо не перастае змяншацца колькасць тых, хто навучаецца на беларускай мове? Ці ўжо з’явілася нешта незалежнае ў палітыцы? Вы не ведаеце, што зараз робіцца ў войску. Войска зараз рыхтуецца наўпрост да вайны з Захадам, устаноўкі зараз такія: Захад — вораг, Расія — усё. І так ва ўсіх сферах. Улада навучылася залагоджваць — дадуць якую дробязь, і ўсе ўжо шчаслівыя — ай-яй-яй, наступіла беларусізацыя! Не трэба сябе падманваць.
Але я пра іншае. Мы можам нешта змяніць, калі мы сфармуем новую большасць і будзем яе лідарамі. Гэта асноўнае. Я над гэтым зараз думаю і спрабую нешта рабіць. Таму хаця б не замінайце!..