Рух Салідарнасці „Разам” запланаваў чарговыя акцыі
3 снежня, напярэдадні стагоддзя з пачатку І Усебеларускага З’езда, адбылося чарговае паседжанне Сойма Руха Салідарнасці “Разам”.
Па першаму пункту парадку дня – “Аб палітычнай сітуацыі і дзейнасці Руха Салідарнасці “Разам” у Беларусі і замежжы” – даклады зрабілі сустаршыня Руху Салідарнасці “Разам” Алена Талстая і сябра Сойму, вядомы мастак Аляксей Марачкін.
Пасля абмеркаванняў дакладаў Соймам былі прыняты дзве Заявы – “Аб недапушчальнасці пагаршэння беларуска-польскіх адносінаў” і “Не – халоднай вайне паміж уладамі Беларусі і Украіны”, і Зварот “З нагоды І Усебеларускага З’езда”.
Найбольшую цікаўнасць выклікаў разгляд другога пытання парадку дня: “Пашырэнне прасторы “русского міра” як ключавы элемент сучаснай імперыялістычнай палітыкі Расеі ў дачыненні да Беларусі. Ацэнка небяспекі ды магчымыя метады супрацьдзеяння”. Асноўны даклад быў зроблены Ігарам Ляльковым. Галоўны мэсыдж даклада: “Беларусь знаходзіцца ў пачатку гібрыднай вайны з Расеяй. Беларуская дзяржава і грамадства павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць перарастання гэтага канфлікта ў актыўную фазу. Метады і сродкі для гэтага – вядомыя. Нашая задача – не змарнаваць час для іх выкарыстання.”
У паседжанні Сойма прынялі ўдзел 28 чалавек. Не гледзячы на ціск на актывістаў Руху, шэраг з якіх атрымалі буйныя штрафы за ўдзел у восеньскіх вулічных акцыях (у тым ліку, сустаршыня Руху Алена Талстая – на агульную суму больш 1500 даляраў, а сябра Сойму Вячаслаў Сіўчык – больш 1000 даляраў і 5 сутак арышту), Рух і далей будзе праводзіць традыцыйныя акцыі. Адбудзецца ўшанаванне памяці а.Вінцэнта Гадлеўскага 24.12.2017 г., ва урочышчы Благоўшчына, 29.12.2017 г. – акцыя у Курапатах, 22.01.2018 г. – мерапрыемства ў Гомелі памяці Міхася Жызнеўскага.
Паводле прэс-групы Руху Салідарнасці “Разам”.
Прыводзім тэксты прынятых дакументаў цалкам:
ЗАЯВА
Сойму Руха Салідарнасці “Разам”
АБ НЕДАПУШЧАЛЬНАСЦІ ПАГАРШЭННЯ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІХ АДНОСІНАЎ
Сойм Руха Салідарнасці “Разам” лічыць недапушчальным пагаршэнне сучасных польска-беларускіх стасункаў, асабліва у святле агрэсіўнай палітыкі імперскай Расеі.
На жаль, пасля другой Катынскай трагедыі, забойства Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага разам з прадстаўнікамі польскай палітычнай эліты, мы бачым неаднаразовыя спробы змены палітыкі Польшы ў адносінах да Беларусі. Гэтым ёсць і легітымізацыя рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праз адмову ад прынцыпа верхавенства права і правоў чалавека ў Беларусі, спробы закрыцця Праграмы Каліноўскага і незалежнага тэлеканала “БелСАТ”, і іншыя факты.
Рух Салідарнасці “Разам” заўжды публічна пратэставаў супраць спробаў рэвізіі палітыкі светлай памяці Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага ў дачыненні да Беларусі.
Сёння мы пратэстуем супраць спробаў Інстытута Нацыянальнай Памяці змяніць назовы вуліцаў імя Браніслава Тарашкевіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа у гарадох Польшчы ды скасаваць імя Тарашкевіча як патрона бельскага беларускамоўнага ліцэя.
Мы падтрымліваем закон аб дэкамунізацы, прыняты ў Польшчы, і зробім усё, ад нас залежнае, каб пры змене ўлады ў Беларусі аналагічная праграма па дэкамунізацыі была прынятая ў нашай краіне.
Але спроба выкрэсліць імёны класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы, Якуба Коласа, а таксама стваральніка першай беларускай граматыкі і ахвяры камуністычных рэпрэсіяў Браніслава Тарашкевіча, – не мае аніякага дачынення да дэкамунізацыі. Нават пры фармальным падыходзе, – ані Янка Купала (які ніколі не быў камуністам), ані Якуб Колас, – аніяк не падпадаюць пад нормы закона аб дэкамунізацыі. А штучна прывязаць да першага пункта гэтага закону Браніслава Тарашкевіча могуць толькі людзі, якія не ведаюць яго біяграфіі і стаўлення польскіх уладаў да беларусаў на іх этнічнай тэрыторыі у міжваеннай Рэчы Паспалітай як вынік Рыжскага пагаднення паміж камуністычным маскоўскім і польскім урадамі.
Сойм Руха Салідарнасці “Разам” падтрымлівае пазіцыі беларускай меншасці ў Польшчы па абароне памяці слынных беларускіх дзеячоў.
Мы вітаем рашэнне Гарадской Рады г.Бельска-Падляшскага аб захаванні назвы вуліцы імя Тарашкевіча.
Падтрымліваем пазіцыю Беластоцкага аддзялення Інстытута Нацыянальнай Памяці.
Удзячныя ўсім польскім дзяржаўным і грамадскім дзеячам, якія не падтрымалі антыбеларускія дзеянні кіраўніцтва Інстытута Нацыянальнай Памяці.
Сойм Руха Салідарнасці “Разам”заклікае польскую грамадскасць зрабіць усё магчымае, каб супрацьстаяць рэвізіі палітыкі Леха Качыньскага ў дачыненні да Беларусі, не дазволіць сапсаваць добрасуседскія адносіны паміж польскім і беларускім народамі.
Niech żyje Polska!
Жыве Беларусь!
За нашу і вашу свабоду!
03.12.2017 г.
г. Менск
ЗАЯВА
Сойму Руха Салідарнасці “Разам”
НЕ – ХАЛОДНАЙ ВАЙНЕ ПАМІЖ УЛАДАМІ БЕЛАРУСІ І УКРАІНЫ!
Сойм Руха Салідарнасці “Разам” разглядае арышты спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі ўкраінскіх грамадзянаў Паўла Шаройкі і Аляксандра Скібы як спробы Масквы сапсаваць традыцыйна брацкія беларуска-украінскія адносіны.
Нагадваем, што ў сакавіку 2017 года гэтыя ж спецслужбы ініцыявалі крымінальную справу супраць беларускіх патрыётаў, якую мусілі закрыць толькі 27 лістапада 2017года..
Цяпер у СІЗА КДБ на месцы фігурантаў справы беларускіх патрыётаў знаходзяцца грамадзяне Украіны.
Мы патрабуем неадкладнага іх вызвалення.
Мы патрабуем ад сённяшніх уладаў не правакаваць штучны канфлікт паміж Беларуссю і Украінай.
Не – халоднай вайне паміж уладамі Беларусі і Украіны!
Слава Украіне!
Жыве Беларусь!
03.12.2017 г.
г. Менск
ЗВАРОТ
Сойма руха Салідарнасці “Разам”
З НАГОДЫ 100-ГОДДЗЯ І УСЕБЕЛАРУСКАГА З’ЕЗДА
5 снежня 1917 года адбылася падзея, якая прадвызначыла лёс беларускага народа на стагоддзе наперад, – распачаўся І Усебеларускі З’езд.
Сойм Руха Салідарнасці “Разам” віншуе беларусаў з гэтай значнай датай – стагоддзем І Усебеларускага З’езда, і спадзяецца, што права беларускага народа на незалежнасць і самавызначэнне, а таксама на дэмакратычны ўрад, якія абвесціў З’езд, застаюцца вышэйшымі каштоўнасцямі для кожнага беларуса.
У ноч з 17 на 18 снежня бальшавікі разагналі І Усебеларускі З’езд, арыштавалі выбітных дзеячоў, удзельнікаў з’езда, але спыніць волю беларускага народу да адраджэння сваёй дзяржаўнасці не здолелі, – праз тры месяцы, 25 сакавіка 1918 года, праз ІІІ Устаўную Грамату, была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Незабывайма, што наступны год для беларусаў – юбілейны, год 100-годдзя БНР.
Як і 100 год таму, перад нашай нацыяй стаяць тыя ж задачы – нам трэба змагацца за тыя ж правы і свабоды, якія адстойвалі дэлегаты З’езда.
Моц З’езда такая, што А. Лукашэнка, які больш за 20 год праводзіць антыбеларускую палітыку, вымушаны быў станоўча яго ахарактэрызаваць. Але найбольш па-фарысейску гучыць у напісаным ад імя А.Лукашэнкі звароце ўзгадка пра тое, што дэлегаты І Усебеларускага З’езда дамагаліся стварэння беларускага ўніверсітэта. На сённяшні дзень аніводнага беларускамоўнага універсітэта ў свеце не існуе. Адсутнасць у Беларусі вышэйшай навучальнай установы, дзе беларусы мелі б магчымасць атрымліваць веды на сваёй роднай мове, – асабістая віна чалавека, які ў лістападзе 1996 года здзейсніў дзяржаўны пераварот і захапіў усю ўладу ў нашай краіне.
Сто год таму беларусы гучна заявілі на ўвесь свет пра сваё права на нацыянальную дзяржаўнасць. Нашая нацыя, якая прайшла праз жахлівае ХХ-е стагоддзе, праз рэпрэсіі двух таталітарных рэжымаў камуністаў і нацыстаў – неўміручая!
Беларусь вырвецца са смяротных расейскіх імперскіх “абдымкаў” і таго новага прыгону, які навязаў народу прамаскоўскі рэжым А.Лукашэнкі. Мы адновім дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законаў, заснаваных на вяршынстве Права і павагі да правоў чалавека. Бо пра гэта марылі з пакалення ў пакаленне беларусы. І ўпершыню ўва весь голас агучылі дэлегаты І Усебеларускага З’езда. І мы, сябры Сойма Руха Салідарнасці “Разам”, аніколі ім не здрадзім.
Слава 100-годдзю Усебеларускага З’езда і яго дэлегатам!
Беларусь – перадусім!
Жыве Беларусь!
03.12.2017 г.
г. Мінск.