Салідарныя музыкі
Спачатку ўлады абмежавалі ў правах музыкаў, цяпер пачалі пераследаваць іхных прыхільнікаў. Такою заяваю гурт «Ляпіс Трубяцкой» адрэагаваў на затрыманне мадэратараў апазіцыйных суполак у сацыяльных сетках.
ГУРТ «ЛЯПІС ТРУБЯЦКОЙ»: «Нягледзячы на тое, што гурт «Ляпіс Трубяцкой» не меў ніякага дачынення да гэтай суполкі і не планаваў у бліжэйшы час даваць канцэрту ў Менску (бо трапіў у чорны спіс забароненых у Беларусі калектываў), мы лічым сваім абавязкам падтрымаць затрыманых».
Мадэратары суполкі пад назваю «Ляпіс Трубяцкой» — бясплатны канцэрт у Менску» сцвярджалі, што калі яе прыхільнікаў набярэцца 100 000 чалавек — гурт правядзе ў сталіцы бясплатны выступ. Аднак, як вышэй зазначылі музыкі, — выступіць у Менску нават і за грошы яны не могуць. «Ляпісы» ўваходзяць у так званы чорны спіс музыкаў, выступы якіх і трансляцыя песняў па дзяржаўным радыё і тэлебачанні забароненыя праз іхныя палітычныя погляды. Пляцоўкаю для салідарнасці з музыкамі сталася і адмысловая суполка ў сацыяльнай сетцы. Цяпер салідарнасцю адказалі і «Ляпісы».