Навіны

Самасейка хоча статус у ПАРЭ

Для пашырэньня супрацоўніцтва з Радай Эўропы Беларусь не зьбіраецца на рэформы, прызнаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Беларусь мае намер дамагацца вяртаньня статусу спэцзапрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

З такой заявай выступіў старшыня Сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах Мікалай Самасейка пасьля паседжаньня Камітэту па палітычных пытаньнях і дэмакратыі ПАРЭ.

«Мы выдатна разумеем, што ў цяперашні час дзейнічае рэзалюцыя ПАРЭ ад 23 чэрвеня 2009 году, у якой зазначана, што статус спэцзапрошанага Рэспубліцы Беларусь можа быць вернуты толькі пры ўмове ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Мы маем намер дамагацца вяртаньня статусу спэцзапрошанага, але пры гэтым наша пазыцыя і нашы каштоўнасьці застаюцца нязьменнымі», — цытуе дэпутата БелТА.

Самасейка зазначыў, што беларускае заканадаўства прадугледжвае часовы характар сьмяротнага пакараньня, але ён ня змог даць прагноз наконт таго, калі ў Беларусі можа быць уведзены мараторый на выключную меру пакараньня.

Радыё Свабода