Сейм Польшчы прыняў рэзалюцыю па Беларусі

Польскі Сейм прыняў рэзалюцыі па пытанні сітуацыі ў Беларусі, якую напярэдадні падрыхтавала камісія па замежных справах.

У рэзалюцыі – патрабаванне неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных вязняў у Беларусі, а таксама заклік да парламентаў усіх еўрапейскіх краін актыўна падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасці і працэсы дэмакратызацыі ў Беларусі.

Як адзначыў віцэ-старшыня сеймавай камісіі Роберт Тышкевіч, гэта «сімвалічны, але вельмі істотны жэст – жэст салідарнасці з беларускім грамадствам, які сведчыць пра нязменнасць польскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Гэта дэманструе салідарнасць з беларусамі, паказвае, што яны не адныя ў сваім змаганні за свабоду.»

* * *

У рэзалюцыі дэпутаты заклікаюць вызваліць усіх палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах, а таксама падтрымаць вылучэнне праваабаронцы Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію.

“Цяжкая грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі, а перадусім хваля палітычных рэпрэсій, якая прайшла па Беларусі пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе, патрабуе салідарнасці ўсіх еўрапейскіх краінаў. Мы, дэпатуты Сейма Польшчы, патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў”, – чытаем у праекце рэзалюцыі Сейма, якая заўтра трапіць на галасаванне. Кажа сябра сеймавай камісіі замежных спраў Анджэй Галіцкі:

– Цяжкая грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі, а перадусім хваля палітычных рэпрэсій, якая прайшла па Беларусі пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе, патрабуе салідарнасці ўсіх еўрапейскіх краінаў. Мы, дэпатуты Сейма Польшчы, патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў: Алеся Бяляцкага, Мікалая Аўтуховіча, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Зміцера Бандарэнкі, Паўла Севярынца, Зміцера Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Сяргея Каваленкі, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Паўла Сырамалотава. Звяртаемся да парламентаў еўрапейскіх краінаў Рады Еўропы з заклікам распачаць актыўныя дзеянні на карысць беларускай грамадскасці, грамадзянскай супольнасці і працэсу дэмакратызацыі Беларусі, а таксама ўзмацнення еўрапейскай пазіцыі да рэжыму Лукашэнкі. Заклікаем падтрымаць уручэнне Нобелеўскай узнагароды Алесю Бяляцкаму, абаронцу правоў чалавека ў Беларусі. Сейм Польшчы выказвае падзяку парламентарыям усіх еўрапейскіх краінаў Рады Еўропы, якія падтрымалі кандыдатуру Алеся Бяляцкага. Заклікаю таксама да далейшай актыўнасці ў гэтай справе.

Сеймавая камісія замежных спраў цалкам ухваліла рэзалюцыю. У гэтым пытанні няма і не было рознагалоссяў, як  адзначыў Анджэй Галіцкі, усе парламенцкія клубы падтрымалі змест праекта рэзалюцыі. Заўтра яна стане першым пытаннем, якое будзе разгледжана на пасяджэнні Сейма.
Вясна96