Навіны

Шчаслівы дзень

Раней – у няволі, а цяпер і на свабодзе. Зміцер і Наста Дашкевічы наноў шлюбавалі сабе вернасць. Гэтым разам ужо не ў турме, а ў царкве хрысціянаў евангельскай веры «Ян Прадвеснік» у Менску, у абрадзе сапраўднага вянчання.

Глядзець відэа Глядзець відэа

Гэтага светлага і радаснага моманту чакалі не толькі Зміцер і Наста, але і ўсе, хто раней чакаў вызвалення палітвязня. Тое, што ўчора для маладых ды іхных сваякоў і сяброў было выпрабаваннем, сёння дадае надзеі.

УЛАДЗІМІР ПАЛАЖАНКА, БАЦЬКА НАСТЫ ДАШКЕВІЧ:
«Усё гэта дзеля вось гэтай любові, вось дзеля гэтага дня яны цярпелі і пакутвалі».

ІРЫНА ХАЛІП, БЫЛАЯ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНАЯ:
«Мы з Настаю пра гэты дзень марылі ў СІЗА КДБ. Калі мы ляжалі з ёю на суседніх шконках, яна вельмі перажывала за Дзімку. Яна казала: хоць бы яго выпусцілі, хоць бы яго выпусцілі! Тады б я сядзела спакойна!».

На спаўненне сваіх мараў маладым давялося чакаць амаль 3 гады. Летась у снежні Змітру і Насце пасля доўгіх намаганняў дазволілі распісацца ў гарадзенскай турме, у якой палітвязень Дашкевіч адбываў пакаранне. Сціплая працэдура працягвалася ўсяго 5 хвілінаў. Сёння ўсё інакш. Цяпер маладыя маюць шмат часу для сябе, могуць планаваць сваё будучае жыццё.

ВЯЧАСЛАЎ ДАШКЕВІЧ, БАЦЬКА ЗМІТРА:
«Хацелася б верыць, што яно будзе добрым і бесклапотным далей. Але, на жаль, у нашай неспакойнай краіне такой гарантыі не можа даць ніхто».

Але сёння – дзень радасці, а горыч мінулых пакутаў пераважаюць цёплыя і шчырыя словы сяброў.

ВАЛЕРЫЙ МАЦКЕВІЧ, СЯБРА ЗМІТРА ДАШКЕВІЧА:
«Я веру, што Зміцер зможа сумяшчаць адказнасць перад сям’ёю ды Бацькаўшчынаю. Я веру, што Наста будзе для яго цудоўным натхненнем. Я жадаю, каб у іх заўсёды было паразуменне ў сям’і, каб быў лад, каб у іх былі шчаслівыя дзеці».

УЛАДЗІМІР АРЛОЎ, ПІСЬМЕННІК:
«Сям’я Змітра і Насты нарадзілася ў выніку нялёгкага шляху. Я, безумоўна, хачу пажадаць ім, каб гэтая сям’я была трывалая».

Да віншаванняў маладых з радасцю далучаецца і рэдакцыя «Аб’ектыву».

Ян Бабіцкі, «Аб’ектыў»