Навіны

Шэраг лістоў палітвязня Міколы Статкевіча канфіскавала магілёўская турма

Пасля даволі працяглай паўзы ў ліставанні, Марына Адамовіч атрымала ад свайго мужа-палітвязня Міколы Статкевіча адразу некалькі лістоў. У іх вязень як звычайна бадзёра выказваецца пра сваё здароўе, а таксама закранае шэраг актуальных праблем. Кіраўніцтва магілёўскай турмы адмаўляецца тлумачыць, чаму некаторыя лісты Статкевіча былі канфіскаваныя, – кажа Марына Адамовіч:

– Як толькі публічна агучваецца чарговая прапанова напісаць прашэнне, у яго заўсёды пасля гэтага пачынаюцца пэўныя праблемы. Прынамсі, на гэты раз пасля выступу ў дзень так званых мясцовых выбараў, некалькі лістоў я не атрымала, яны былі канфіскаваныя. І на заяву Міколы аб прычынах гэтай канфіскацыі, начальнік турмы,дарэчы на добрай беларускай мове, адказаў яму, што не абавязаны тлумачыць прычыны канфіскацыі, хаця гэта не зусім адпавядае заканадаўству.

Мікалай Статкевіч у сваіх лістах закранае сітуацыю ва Украіне. Ён піша, што Расея адхапіла ў выглядзе Крыма кавалак зямлі. Раней крытыкаваў амерыканцаў за падзеі ў Іраку і Сербіі, але ЗША не сталі ствараць там новыя штаты. А вось ад бедных і недэмакратычных краінаў можна чакаць любых сюрпрызаў, – прыводзіць словы Статкевіча Марына Адамовіч.

* * *

Кандыдат у прэзідэнты 2010 года, палітычны вязень Мікалай Статкевіч у сваіх лістах да жонкі Марыны Адамовіч піша пра новую прэзідэнцкую кампанію ў Беларусі, і пра магчымы ўдзел у іх некаторых з лідараў беларускай апазіцыі. На думку Міколы Статкевіча, папярэднюю выбарчую кампанію нельга лічыць завершанай, цытуе словы вязня ягоная жонка:

– У мяне няма пачуцця дарэмна згубленага часу. Я свядома ішоў на гэтыя выбары, ведаючы, што мяне чакае. І мінулую прэзідэнцкую кампанію нельга лічыць завершанай, пакуль я тут. Так што я яе проста працягваю. Уяўляеш, як будуць выглядаць у вачах думаючых людзей усяго свету ўдзельнікі наступнай кампаніі, калі падчас яе ў турме знаходзіцца кандыдат у прэзідэнты папярэдняй кампаніі, які да таго ж нічога благога не здзейсніў. Здаецца, што будучы элегантны «пераможца» гэта таксама зразумеў. Таму з кожным разам прапануе мне, часта не узгадваючы маё прозвішча, усё болей гарантыяў вызвалення, калі я папрашуся.

“Апазіцыйныя прэтэндэнты, якія мараць рэалізаваць схемы “бурлівая агітацыйная кампанія”, “лагодная акцыя пратэсту”, “прызнаны лідар апазіцыі” – гэтага яшчэ не зразумелі”, – піша Статкевіч. “Дарэмна, бо замест прызнанага лідара можна заслужыць статус палітычнага блазна”, – адзначае палітык.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

#minsk2014, #минск2014, #мінск2014 #worldcup2014 #hockey2014, #хоккей2014 #belarus2014, #icehockey-2014, #icehockey2014