Шэсьць фільмаў пра Плошчу-2010
Мінула чатыры гады пасьля драматычнай Плошчы-2010.
“Радыё Свабода” падабрала найбольш яскравыя фільмы, у якіх паказваюцца падзеі той выбарчай кампаніі і яе брутальнага завяршэньня.
«Беларуская мара» — першы фільм пра Плошчу
Прэм\’ера прайшла ў Мінску 6.10.2011. Ягоная аўтарка — журналістка Кацярына Кібальчыч.
У фільме распавядаецца гісторыя жыцьця маладога чалавека зь Менску, які апошнія 18 гадоў жыве ў краіне «апошняга дыктатара Эўропы». У аснову фільма ляглі падзеі 2010–2011 гадоў у Беларусі: прэзыдэнцкая кампанія, рэпрэсіі, суды і тое, як гэта адбілася на жыцьці самай «стабільнай» постсавецкай рэспублікі.
«Беларуская мара» — апавяданьне пра тое, як рэжым можа зламаць чалавека. І пра тое, як у дзяржаве з татальным кантролем можна быць шчасьлівым, нягледзячы ні на што.
Даволі! Да Волі…
Дакумэнтальны фільм Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага.
55 хв., Беларусь, 2011 год. Тэлеканал Белсат.
Фільм прысьвечаны ўгодкам драматычных падзеяў у Беларусі ў сьнежні 2010 году, калі была люта разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Сьледчая, судовая і турэмная сыстэмы – вачыма ўдзельнікаў таго пратэсту, якія прайшлі празь пекла турмаў. Аўтары засяроджваюць увагу на ўсьведамленьнях людзей, якія страцілі працу, вучобу, перажылі жорсткія фізычныя і маральныя катаваньні.
Жыве Беларусь!
Мастацкі фільм (афіцыйны год выданьне 2013) апавядае пра падзеі ў Беларусі перад Плошчай-2010. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам. Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах. Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі. Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм».
Дайсьці да Плошчы
рэж. Галіна Самойлава, 2011 г., Беларусь. Тэлеканал Белсат.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў беларусы жылі ў чаканьні важных станоўчых зьменаў у сваёй краіне. Зь вераю ў рэальную магчымасьць дэмакратычных пераменаў праз выбары прыйшлі яны на плошчу Незалежнасьці. Усё гэта было «перад»… Аповеды ўдзельнікаў падзеяў на Плошчы паказалі цынізм і хлусьлівасьць дыктатуры, якая, выкарыстоўваючы брутальныя мэтады, зьнішчыла надзеі на перамены да лепшага. І ў жыцьці беларускага народу пачаўся пэрыяд «пасьля». Аўтары фільму паказалі, як адбываўся пералом думак у гэты час. Адною з найважнейшых постацяў тых падзеяў быў кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.
Пастка для апазыцыі.
Дзень 19 снежня 2010 г. пакінуў па сабе шмат скандальных таямніцаў. Цэнтральная вэрсія фільму: падзеі 19 сьнежня – гэта маніпуляцыі Масквы, якая справакавала такі сцэнар і адзіная ў выніку выйграла. Прычым ужо ня першы раз у найноўшай гісторыі. Дзеля параўнаньня ў фільме паказаныя падзеі з часоў рэфэрэндуму 1996 г., у выніку якога зьмянілі Канстытуцыю і разагналі дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет. Паводле словаў Леаніда Міндліна, расейскі сьлед – гэта толькі вэрсія: «Доказаў няма, але ёсьць лёгіка падзеяў».
2011, Беларусь. Тэлеканал Белсат.
Жалезам па шкле
Фільм мае апраўдаць дзеяньні ўладаў у разгоне Плошчы, разгроме і застрашваньні апазыцыі. Фільм дае магчымасьць ацаніць, наколькі шмат людзей гатовыя былі падтрымаць радыкальны плян скіданьня рэжыму. З кадраў паўстае спантанная актыўнасьць дэманстрантаў, аднак доказаў працы наёмнікаў і баевікоў падчас Плошчы прадэманстравана не было.