Школьны фотаальбом палітвязняў

Статкевіч у школе вывеў сваю тэарэму, а Севярынец перастаў лаяцца ў 4 класе. Еўрарадыё ўзгадвае, якімі ў школе былі беларускія “вязні сумлення”.


Мікола Статкевіч, Ляднянская сярэдняя школа, Слуцкі раён. Затрыманы пасля прэзідэнцкіх выбараў, у якіх удзельнічаў у якасці кандыдата. 26 траўня 2011 года асуджаны за арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады, да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 12 студзеня 2012 году рашэннем суда пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 г. Магілёва.

Бацька Віктар:

“У мяне два сыны – Саша і Коля. Яны кнігі чыталі яшчэ да школы, вельмі любілі. Проста ноччу ўставалі і чыталі… І вучыліся вельмі добра. Ніколі ў мяне праблем не было з імі. Коля ніколі не рабіў таго, што клас на дошцы рабіў. Было так, што настаўнік некага да дошкі выклікаў і ўвесь клас за імі паўтараў. А Коля сам сабе. Неяк мне настаўнік геаметрыі расказаў, што на ўроку ў яго з’явілася тэарэма Статкевіча. Пакуль увесь клас рашаў адным шляхам, Коля сваім уласным даказаў. 

Коля добра вучыўся, усе пяцёркі. Толькі адна чацвёрка — па астраноміі. Але гэта не яму паставілі,а мне. Я ж настаўнікам быў у той самай школе. А астраномію вяла жонка дырэктара. А мы паскардзіліся на яго начальству. Вось і атрымаў мой Коля чацвёрку. 

Праблем з сынам у школе ніякіх не было. Як і ўсе дзеці ён быў. Вось толькі вельмі акуратны быў. Мы куплялі сынам вопратку — касцюмы. Дык старэйшы ўжо праз некалькі месяцаў сцягае, а Коля носіць некалькі гадоў і як новы выглядае. І падручнікі заўсёды акуратныя былі.

Даваў спісваць. Пакуль настаўнік па радах заданні раздае, Коля чужыя варыянты рашаў і пускаў па радах. Вучні любілі яго за гэта. І настаўнікі любілі, бо вучань харошы быў. Настаўніку ж прыемна, калі разумны.

Памятаю, у 11 класе прыйшоў на урок у клас сына. Грамадазнаўства было. Выклікаю я адну дзяўчыну, а яна нічога не ведае, нічога. Ну, я і стаўлю ёй кол. А яна пакрыўдзілася і кажа мне — “Свайго сына выклікай”. Я і выклікаў. Дык Коля мне так расказаў, што нават у падручніках не было пра гэта напісана. Я кажу яму: “Дзякуй, сынок”.

 

Павел Севярынец, Школа №15 Оршы, школа №25 Віцебска. Узяты пад варту ў ноч 20 снежня 2010 года пасля прэзідэнцкіх выбараў. Асуджаны на 3 гады “хіміі” 16 траўня 2011 за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх да 3 гадоў абмежавання волі. Пакаранне адбывае ў вёсцы Куплін, Пружаншчына, Брэсцкая вобласць.

Павел:

“Школу з залатым медалём скончыў. У мастацкім класе вучыўся. Памятаю, як лаяцца матам перастаў. У 4 класе гэта адбылося, мы акурат на пленэры былі. Я мацюкаўся раней, вядома. І аднойчы пасварыліся з нейкім хлопцам, абмацюкалі адзін аднаго. А настаўніца пачула толькі, як той хлопец лаецца, мае мацюкі не пачула. Ён ёй кажа: “Ды што я, нават Севярынец вунь лаецца як конюх”. А настаўніца на яго нават не паглядзела і адказвае: “Паша Севярынец? Матам? Ні за што не паверу”. І вось мне так сорамна стала, што я з таго часу зарокся і больш не лаяўся. 

Любімых прадметаў не было. У выдатніка ў свядомасці няма такога… Я ўдзельнічаў у алімпіядах па біялогіі, на хімію ездзіў, геаграфію. Што горш ведаў, то пачынаў больш працаваць над тым.

За тое, што вучыўся на выдатна, мяне ніхто не недалюбліваў. Гэта ж мастацкі клас быў, там свая атмасфера, асаблівая. Не такая, як у звычайных класах. У хуліганаў свае інтарэсы былі, у мяне свае.

У плане адукацыі не вельмі шмат мне школа дала. Я больш самаадукацыяй займаўся. Але настаўнікам вельмі ўдзячны… З 28 чалавек майго класа зараз 14 за мяжой. Хто ў Расіі, хто ў Германіі, хто ў Ізраілі. Выпускны ў нас быў у чэрвені 1994 года. А праз месяц перамог Лукашэнка, і людзі пачалі галасаваць нагамі”.

 

Эдуард Лобаў, 219-я школа Мінска. Затрыманы разам са Змітром Дашкевічам напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Абодвум інкрымінавалі збіццё мінакоў. Эдуард асуджаны 24 сакавіка 2011 года за асабліва злоснае хуліганства. Атрымаў 4 гады пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Знаходзіцца ў калоніі №22 у Івацэвічах.

Маці Марына:

“Вучыўся сярэдне. Ён больш гуманітарый. Гісторыя падабалася і ваенная падрыхтоўка. Ён жа марыў у Вайсковую акадэмію паступіць. Ён з цікавасцю кнігі па гісторыі чытаў. Але не тыя, што ў школе давалі, а пра сапраўдную. Па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, іншыя. Не любіў ён афіцыйную версію гісторыі Беларусі. 

Школу не прагульваў. Праблем з ім не было. Ніколі настаўнікі пра дрэнныя паводзіны сына не расказвалі мне, ці пра прагулы. Калі нешта не падабалася яму з прадметаў, то прыходзіў на урок і ціха сядзеў. 

Мяне ніколі ў школу нават не выклікалі. Шкло разбіў у першым ці другім класе. Тады я хадзіла. А вось больш не прыгадаю, каб нейкія праблемы. Звычайны вучань быў”.

 

Зміцер Дашкевіч, Старыя Дарогі, сярэдняя школа. Асуджаны 24 сакавіка 2011 года за злоснае хуліганства да 2 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 28 жніўня 2012 году атрымаў яшчэ год зняволення за парушэнне рэжыму. Знаходзіцца ў калоніі №13 у Глыбокім.

Настаўнік Віталь:

“Ён не быў падарункам у школе. Спачатку вучыўся ў класе з больш моцнымі. А потым яго перавялі ў іншы, дзе слабейшыя былі. Там і вучыўся Зміцер. Скандальны часам быў вучань.

Да гісторыі з цікавасцю ставіўся. Гуманітарныя навукі Зміцер лепш успрымаў. А вось іншыя — ужо горш. Ён вельмі любіў паслухаць нешта цікавае, па гісторыі асабліва. А вось ужо матэматыка-фізіка — там 3-4 было ў яго. 

Складанае жыццё ў Змітра было. У сям’і няпроста. Бывала, і да сябра сыходзіў на некалькі дзён. У школе ведалі пра гэта, вядома. Настаўнікі не маглі не ведаць. Зміцер сам у сабе быў. Настаўнікам насустрач не ішоў. Пазней хадзіў у евангельскую царкву. Школа асноўным месцам для Змітра не была”.

 

Ігар Аліневіч, 87-я школа Мінска. Асуджаны 27 траўня 2011 года за злоснае хуліганства і пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ігару інкрымінавалі нападзенне на расійскую амбасаду ў Мінску, у якую кінулі кактэйлем Молатава. Знаходзіцца ў калоніі №10 Наваполацка.

Маці Валянціна:

“Ён у той самай школе вучыўся, што і Казулін, каля велазаводу. Мы тады там жылі побач. Калі Ігара прымалі ў першы клас (быў 1990 год), то трэба было з дырэктаркай сумоў’е прайсці ў яе кабінеце. А там партрэт Леніна яшчэ вісеў. Дырэктарка пытаецца ў Ігара, што гэта за дзядзька вісіць? А ён ёй: “Не ведаю… Прозвішча я не памятаю. Імя толькі — Ілліч”.

Сын у школе спакойны быў, удумлівы. Любіў матэматыку, фізіку, англійскую мову і гісторыю. Мова англійская яму вельмі добра давалася. Настаўніца хацела, каб сын у Інстытут замежных моваў паступаў. Называла яго “чалавекам з будучыні”. А вось з рускай мовай праблемы былі. Мы дома вечарамі дыктанты пісалі з Ігарам, трэніраваліся. Хатнія заданні яго з дачкой як паглядзім, то рагочам — так смешна пісаў. Але потым ён чытаць шмат пачаў і ўсё стала нармальна.

Ігар не любіў, калі ўсіх шыхтавалі і змушалі рабіць адно і тое ж. Яшчэ маленькі быў, а ўжо лічыў, што кожны мае права на ўласнае меркаванне. Выдатнікам не быў, але вучыўся добра. Не скажу, што школу вельмі любіў альбо не любіў. Да ўсяго меў свой падыход.

Адзіны раз мяне ў школу выклікалі. У 5 класе. Яны на ўроку рускай мовы разбіралі байкі Крылова. Там пра козліка і ваўка было. Настаўніца палічыла, што першы — станоўчы герой, а другі — адмоўны. І ўсе вучні ў класе так палічылі. А Ігар кажа, што воўк станоўчы. Маўляў, ён таксама мае права на тое, каб нешта есці. Настаўніцы гэта не спадабалася.

З аднакласнікамі былі добрыя адносіны. Яны пішуць яму, на суд прыходзілі. Не вераць у яго віну. Адзін толькі выдзяляецца. Ён праблемы па жыцці заўсёды меў, а Ігар стараўся дапамагчы, цягнуў яго. Дык вось на судзе гэты хлопец супраць сына сведчыў. Цяпер героем ходзіць па горадзе…”

Алесь ПілецкіEўрарадыё