Што цікава беларусам: ад Статкевіча да Мархалюка. А што хайпіцца?
Чаму інфармацыя пра палітычныя рэпрэсіі не выклікае вострай рэакцыі? Ці ёсьць жыцьцё па-за Сецівам? Што трапляе ў трэнд беларускай грамадзкай увагі? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце прадусар праграмаў тэлеканалу «Белсат» Ірына Чарняўка і блогер Эдуард Пальчыс. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.
Чаму беларусам ня надта цікавая палітыка?
Дракахруст: Навіна гэтага тыдня — за ўдзел у маніфэстацыі 8 верасьня, на Дзень вайсковай славы, 12 чалавек былі пакараныя адміністрацыйнымі арыштамі і штрафамі.
Адсядзеў тэрмін па гэтай справе Уладзімер Някляеў, Мікола Статкевіч выйшаў з-за кратаў 7 кастрычніка, атрымалі адміністрацыйныя арышты Павал Севярынец, Андрэй Шарэнда, Натальля Папкова.
Абстрактна кажучы, гэта важная навіна. Акцыя 8 верасьня была хіба не адзінай дэманстрацыяй, што ў краіне — ня ўсе за вучэньні «Захад-2017». Арышт, зьняволеньне, хай і кароткатэрміновае, самых вядомых постацяў у апазыцыі — гэта важна.
БТ пра гэта не гаворыць, СБ не піша, але РС, Белсат, Эўрарадыё, Хартыя — пішуць, TUT.BY — піша. А розгалас, хайп, як зараз кажуць… ня надта каб. Не выклікае гэта вялікага зацікаўленьня, бурхлівых абмеркаваньняў. Ці гэта ня так? А калі так, то чаму?
Чарняўка: Гэтую акцыю 8 верасьня мэдыя сапраўды асьвятлялі досыць добра: быў анлайн і на «Навінах», і на TUT.BY, і на «Свабодзе» быў, і на Белсаце. То бок усе мэдыя да гэтай акцыі паставіліся вельмі сур’ёзна. А што датычыцца хайпу ў сацсетках — а ці патрэбны гэты хайп у сацсетках? Каб што? Чаго б вы чакалі? Як павінен выглядаць хайп у сацсетках на такую інфармацыю?
Дракахруст: Даволі дзіўная ў вас фармулёўка, Ірына: ці павінна — ці не павінна. Ды я не ведаю, што павінна, што не павінна. Я проста хачу апісаць разам з вамі тую сытуацыю, якая зараз у Беларусі ёсьць. Добрая яна ці кепская — няважна. Але якая яна ёсьць?
Чарняўка: Калі мы ўспрымаем сацсеткі як адлюстраваньне грамадзтва, рэакцыя ў іх была досыць адэкватнай у дачыненьні да самой падзеі. Калі паглядзець на палітычныя рэпрэсіі, якія адбываліся ў гэтым годзе, то інфармацыйная карцінка была досыць жорсткая. У гэтым годзе была справа і Белага легіёну, і справа Пальчыса, і Курапаты, і пратэсты ўвесну, і была даволі моцная рэакцыя на гэта ўсё ў сацсетках.
Я хачу нагадаць, напрыклад, што людзі сабралі каля 50 тысячаў даляраў на выплату штрафаў для тых пратэстоўцаў, каторых аштрафавалі за пратэсты ўвесну. У той самы час у нас паніжаны болевы парог, на тле гэтых навінаў паніжаная рэакцыя ў нашым грамадзтве на такія справы, як пасадка лідэраў апазыцыі на некалькі сутак. У той час як па справе «Белага легіёну» людзям пагражалі сур’ёзныя тэрміны рэальнай турмы. Мне здаецца, што рэакцыя ў сацсетках была досыць адэкватная.
Дракахруст: Маё пытаньне было не столькі пра сацсеткі, колькі ўвогуле пра беларускае грамадзтва. Яно па-рознаму сябе можа праяўляць: у выглядзе клікаў на той ці іншы матэрыял на сайтах, у выглядзе камэнтаў на форумах пад адпаведнымі матэрыяламі, у сацсетках таксама.
Яно можа праяўляць сябе і ў размовах на працы, у курылцы на трактарным заводзе, у аўтобусе, у піўной — дзе заўгодна. Грамадзтва ж жыве не толькі ў інтэрнэце. А вось як бы вы памералі тэмпэратуру рэакцыі прынамсі на паведамленьні пра палітычныя рэпрэсіі, прынамсі, пра гэтых дванаццаць чалавек, якія там былі пакараныя за 8 верасьня?
Пальчыс: Па-першае, пасадкі адрозьніваюцца паміж сабой. Калі яшчэ не было добрага інтэрнэту, я памятаю, як сядзеў Казулін, і тое, што ён сядзіць, як раз абмяркоўвалася і на заводах і ў школах паміж настаўнікамі. Нават калі ў яго жонка памерла, я памятаю, што тысячы прыйшлі зь ёй разьвітацца.
Пытаньне ў тым, што рэакцыя на нейкія такія пакараньні залежыць ад таго, колькі людзей было заангажавана ў тую ці іншую падзею. Напрыклад, Плошчы 2006-га, 2010-га, дзе многія хацелі пабываць — пяцьдзесят тысяч прыйшло, але гэта не ўсё, хацелі прыйсьці яшчэ больш, але не прыйшлі — у выніку яны хаця б фармальна былі зацікаўленыя гэтым, перажывалі за вынікі, за блізкіх людзей, якіх саджалі на суткі. Тое ж самае і ў гэтым годзе: сабралі 50 тысячаў даляраў, таму што акцыя была нацыянальная, і па сутнасьці кожны сапраўды актыўны беларускі грамадзянін хацеў бы там быць. Калі ён там не быў, то хаця бы суперажываў.
А чаму зараз людзей асабліва ня бачна — таму што тактыка ўлады зьмянілася. Калі раней былі штрафы, і на іх ніхто не зьвяртаў увагі, то пасьля гэтых падзеяў вясной былі пастаянныя пасадкі каго-небудзь — да іх прывыклі. Ёсьць такое паняцьце, як прывыканьне да інфармацыйнай нагоды. То бок пасадзілі ў чарговы раз Статкевіча, дык пачалі ўжо жартаваць: а чаго яго ўвогуле выпускалі з турмы?
Многія людзі праяўляюць пэўную абыякавасьць, таму што яны не былі ўцягнутыя ў гэтыя палітычныя акцыі пратэсту, якія праводзіў Статкевіч.
Дракахруст: Вы кажыце пра неангажаванасьць. Але ў лютым-сакавіку мы бачылі масавую рэакцыю, прычым тых катэгорыяў насельніцтва, якія да гэтага ні пра якога Статкевіча ня ведалі ці не хацелі ведаць. Так што ці толькі тут справа ў тым, што хтосьці пра штосьці ня ведае? Калі мяняецца сытуацыя, то людзі і даведваюцца. Падзея, сытуацыя іх ангажуе.
Пальчыс: Наконт лютага-сакавіка: тады выходзілі на вуліцы вельмі розныя людзі, хтосьці выходзіў канкрэтна таму, што не хацеў плаціў 200 даляраў.
Дракахруст: Эдуард, я пытаюся пра рэакцыю на гэта. Рэакцыю тых, каго не было на гэтых плошчах, але хто чытаў, рэагаваў, у Аднаклясьніках пісаў, на вясковай завалінцы гэта абмяркоўваў. Гэты розгалас тады быў значна шырэйшы, чым цяпер па справе 8 верасьня. Ці вы з гэтым нязгодны?
Пальчыс: Так, тады ўсё было шырэй, але тады былі мітынгі, якія закраналі вялікае кола насельніцтва. Зараз акцыі пратэсту, што 3 ліпеня, што астатнія — яны вузкія, яны ня вельмі былі прапрацаваныя мэдыйна, то бок людзям не патлумачылі, навошта туды ісьці, дзеля чаго, чаго мы хочам дамагчыся. І ў мэдыя заўсёды ёсьць канкурэнцыя з боку іншых падзеяў.
Эсэ Марціновіча і парадак дня мэдыяў
Дракахруст: Пэўны час таму Віктар Марціновіч напісаў зьедлівае эсэ пра тое, чым адрозьніваюцца айчынныя СМІ 10-х ад СМІ 90-х і нулявых. Адна з высноваў — ня пішуць яны пра палітыку, нават калі і пішуць, то ў такім глямурным ключы. А можа справа ня ў СМІ, а ў грамадзтве? Ірына, як вы лічыце, што тут яйка, што тут кураня?
Чарняўка: Я ў дадзеным выпадку зь Віктарам Марціновічам зусім не згаджуся, таму што ён параўноўвае з 90-мі гадамі, калі палітычныя падзеі сапраўды мелі значнасьць. Тыя падзеі, каторыя тады адбываліся, у 1996-1998 гадах, якія ён прыгадваў у сваім эсэ, яны сапраўды мелі значнасьць і сапраўды адбіваліся на лёсе многіх людзей. Таму, уласна кажучы, увага мэдыяў да іх была большая.
Цяпер гэтыя акцыі і 3 ліпеня, і 8 верасьня — яны не асабліва адбіваюцца. Гэта дэманстрацыйныя акцыі, у якіх няма наступнага кроку. Зараз мы прадэманструем пратэст і ўсё. І на гэтым завершыцца.
Людзі ж таксама правільна ацэньваюць уплыў гэтых акцыяў на іх жыцьцё. Калі параўнаць з антыдармаедзкімі акцыямі, то ў людзей, якія выйшлі на вуліцу ў лютым-сакавіку, была канкрэтная мэта — яны патрабавалі адмены гэтага дэкрэту, адмена гэтых пабораў.
Яны не проста выйшлі паабурацца, не проста выйшлі нешта паказаць, прадэманстраваць. Яны рэальна гэтага патрабавалі. Яны спадзяваліся, што яны націснуць, і гэты дэкрэт адменяць, што ў прынцыпе ў нейкім сэнсе, у нейкай ступені і атрымалася.
А цяпер лідэры апазыцыі выйшлі прадэманстраваць свой пратэст. Ну і яны яго прадэманстравалі. Уласна кажучы, у пэўным сэнсе сваёй мэты дасягнулі. Ну і такая рэакцыя грамадзтва.
Я сёньня з калегамі размаўляла, якія палітычныя тэмы на Белсаце найбольш за ўсё набіраюць лайкаў, шэраў, камэнтаў і г.д. Па-ранейшаму самыя лайканыя зьвязаныя з Лукашэнкам: ці гэта зьмена часу заняткаў у школе, ці нейкі збор бульбы, ці замена кіраўніка мэтэацэнтру, калі Лукашэнка быў незадаволены прагнозамі надвор’я. Усё вось гэта выклікае лайкі, выклікае рэакцыю, выклікае камэнтары.
Таму што атрымліваецца, што ў цяперашні момант у палітычным жыцьці Беларусі тое, што рэальна ўплывае на жыцьцё людзей, сыходзіць ад Лукашэнкі. Але не сыходзіць, дапусьцім, ад лідэраў апазыцыі. Гэта такая рэальнасьць і такая рэакцыя адпаведна.
Дракахруст: Мне ўсё-такі бачыцца пэўны парадокс у тым, што сказала Ірына, калі гаворыцца, што людзі глядзяць на гэтыя акцыі і думаюць, які ўплыў яны акажуць на іх жыцьцё. Дык справа ў тым, што ўплыў гэтых акцыяў залежыць ад іх.
Калі б на акцыі, на якія Статкевіч кагосьці заклікае, прыйшло б не дзьвесьце чалавек, а дзесяць тысяч, то адпаведна гэта ўплывала б. Людзі ж не толькі назіральнікі. Уласна палітык, нават лідэр, кіраўнік дзяржавы не мае нейкай уласнай сілы, ён мае сілу людзей, якія яго падтрымліваюць, якія за ім стаяць.
Пальчыс: Звычайны чалавек думае: калі я пайду на акцыю, то мяне тады звольняць, выганяць з працы. Нават калі там будзе шмат людзей, улада ўжо дастаткова запужала — было шмат прыкладаў.
Кожны чалавек у краіне, нават які ня быў на мітынгу, ведае, што за яго наведваньне магчымы жорсткія санкцыі. Што датычыцца лютага-сакавіка, гэта было яшчэ ў студзені бачна — што будуць нейкія пратэсты нават без палітыкі. Там людзі выходзілі за грошы, канкрэтна за свой кашалёк, якім не было чаго губляць, асабліва калі казаць пра маленькія гарады. У нас выйсьці на акцыю — гэта адназначна ахвяра, ты альбо ахвяруеш часам альбо гэта проста сьмелы ўчынак. Мэта акцыі для чалавека заўсёды павінна быць вартай.
Дракахруст: Эдуард, вы тады яшчэ былі маленькім, але ў 1996 годзе дзесяткі тысячаў выходзілі, калі падпісалі першую дамову інтэграцыйную, яшчэ аб супольнасьці Беларусі і Расеі. Тады людзі выходзілі і рэальна баяліся, што сапраўды Беларусь заўтра стане Расеяй. Так што сказаць, што людзей заўсёды выводзіць на вуліцы і выводзілі толькі кавалак хлеба і горшы, гэта ня так.
Пальчыс: Не, я не пра гэта казаў, а пра канкрэтна пра гэты год. Канешне, калі зараз паўстане зноў пытаньне незалежнасьці, я спадзяюся, што выйдзе не пяцьдзесят, а сто тысячаў чалавек. Пытаньне — сэнс тых акцыяў, якія праводзіліся.
Другое пытаньне — піяр гэтых акцыяў. У нас, на жаль, няма ні палітыкаў, ні сілаў, ні грошаў, ні інструмэнтаў. І, як Марціновіч казаў, мэдыя зьмяніліся. І тое, што казаў Марціновіч, гэта праўда, таму што вырасла новае пакаленьне. Зараз многія маладыя людзі ўвогуле ня ведаюць, то там у дзевяностыя адбывалася. Самае маладое пакаленьне ня ведае нават, што ў 2006-м праходзіла, яны максымум памятаюць 2010-ы. Яны на палітыку глядзяць у іншай плашчыні.
І таму ў гэтым глямурным ключ пішуць маладыя людзі для маладых людзей. Грамадзтва сапраўды зьмянілася. У дзевяностых былі партыі, у партыяў быў нейкі ўплыў, была сетка па рэгіёнах, і гэта сапраўды была моц ажно да пагрозы Лукашэнку. А зараз у прынцыпе палітыкі практычна няма. Калі ня браць гэтыя імітацыі выбараў, то палітычнае жыцьцё дзевяностых і цяперашняе моцна адрозьніваюцца. І гэта таксама ўплывае на мэдыя.
Што хайпіцца ў Беларусі?
Дракахруст: Як бы вы маглі апісаць тып інфармацыі, якая хайпіцца, якая заводзіць, якая спараджае дыскусіі, спрэчкі, лайкі, шэры? Вось мы бачылі такія тэмы, як рэкляма кампаніі Mark Formelle, як учынкі Фомачкіна і Скварцовай. Ірына ўжо сказала пра Лукашэнку ў розных іпастасях.
Часам гаворыцца, што людзям цікавае іх непасрэднае жыцьцё, але, умоўна кажучы, інфармацыя пра тое, што на дваццаць рублёў падвысілі заробак за месяц — гэта цікава? Мне здаецца, што палка спрачацца, горача абмяркоўваць людзі гэта ня будуць. А вось Фомачкіна будуць, і Скварцову будуць, і Formelle будуць. Прынамсі, у Фэйсбуку. Дык вось ці маглі б вы неяк апісаць тып таго, што заводзіць?
Пальчыс: Калі браць канкрэтна беларускія рэаліі менавіта апошніх гадоў, калі былі масавыя пратэсты ці нейкія нагоды, на якія рэагавалі, гэта ў першую чаргу зьвязана з эканамічнымі рэчамі. Калі браць 2011 год, то тады па ўсім горадзе, нават бяз нейкага лідэра, без арганізацыяў, былі пратэсты. Гэта было падчас мацнейшага крызысу. І гэты год, 2017-ы, зьвязаны і з эканамічным крызысам, і з беспрацоўем. То бок пакуль апошнія гады беларусаў заводзіць тэма іх зьбядненьня. І калі яно дасягае піку, прарываецца хваля ўсяго незадавальненьня ўвогуле. То бок, у лютым-сакавіку людзі ў рэгіёнах, нават сталага веку, патрабавалі менавіта рэформаў. Не проста павышэньня заробкаў, а рэформаў.
Дракахруст: Эдуард, я крышачку пра іншае спытаў. Вы ўжо кажаце пра тое, што канкрэтна даходзіць да сацыяльнага і палітычнага дзеяньня, калі людзі ўжо выходзяць на вуліцу ці пішуць у выканкам і г.д. А я пра тое, якая інфармацыя ўспрымаецца людзьмі, што яны лайкаюць, што яны клікаюць, што яны абмяркоўваюць.
Пальчыс: Палітычная ці агульная?
Дракахруст: Любая.
Пальчыс: Гэта заўсёды даволі аднастайныя рэчы, статыстыка аб гэтым кажа: гэта надвор’е, гараскопы і парнаграфія.
Дракахруст: Не, гэта людзі чытаюць, а не абмяркоўваюць. Надвор’е не абмяркоўваюць.
Пальчыс: Абмяркоўваюць звычайна нешта кшталту Дзіяны Шурыгінай, іншых зорак, рэп-альбомы. Гэта ўсё звычайна мала зьвязана з сацыяльна- палітычнымі рэчамі. То бок калі паглядзець, самае хайпавае звычайна — альбо нешта культурна папулярнае, альбо нейкія скандалы паміж зоркамі.
Дракахруст: Ірына, вы згодныя? Вось мне здаецца, што рэакцыя на рэкляму Formelle, на жэсты Фомачкіна і Скварцовай — гэта таксама ў пэўным сэнсе палітыка, гэта пра вельмі сур’ёзныя рэчы, гэта пра ідэнтычнасьць, якая важная.
Чарняўка: Вы разглядаеце гэта з пункту гледжаньня сваёй стужкі ФБ. Я, напрыклад, мадэрую стужку Фэйсбука праграмы «Белсату» «Асабісты капітал». І я магу сказаць, што ў маёй стужцы найбольшы хайп выклікаюць менавіта тэмы, зьвязаныя вось з гэтымі дваццаці рублямі дабаўкі. Падвысіліся заробкі на дваццаць рублёў — набяжыць куча людзей, прытым пэнсійнага звычайна ўзросту, і падымецца вельмі моцны хайп.
У нашым грамадзтве напэўна нельга аддзяліць палітыку ад непалітыкі. Таму палітычная афарбоўка ёсьць амаль у кожнай тэме, пачынаючы з дармаедзкіх дэкрэтаў, заканчваючы, як сёньня высьвятляецца, вырубкай дрэваў і ўшчыльненьнем забудовы. Гэта ўжо таксама палітычная тэма.
Як я назіраю, у нас, калі мы гаворым пра тыя рэчы, якія неяк зьвязаныя з нашай краінай, калі мы не гаворым пра Дзіяну Шурыгіну, якая ўвогуле дачыненьня да нас ніякага ня мае, найбольш хайп выклікаюць сытуацыі канфліктаў на лініі «улада-чалавек». Падчас гэтых антыдармаедзкіх пратэстаў, вы памятаеце, якая была рэакцыя на фотаздымкі гэтых няшчасных людзей, якія мусілі ў адміністрацыйных камісіях, у прысутнасьці кучы чыноўнікаў даказваць, што яны насамрэч бедныя, і што няма чым ім заплаціць гэты падатак. Гэта выклікала вельмі моцную рэакцыю. Нават беларуская мова на этыкетках зараз у Беларусі зьяўляецца палітычнай тэмай.
І таму, калі казаць пра тое, цікавяцца ці не цікавяцца нашы людзі палітыкай, мы мусім зразумець, што спэктар гэтай палітыкі ў нас досыць шырокі. І ён ня зводзіцца толькі да апазыцыйных акцыяў. Чалавек рэагуе на тое, што яго эмацыйна закранае, што тычыцца ягонага жыцьця. На сёньняшні момант тэма эканамічнага спаду, тэма яго ўласнай кішэні — менавіта гэта тэма, якая выклікае водгук.
Чаму Максіма Мархалюка ратавалі тысячы людзей?
Дракахруст: Ці можна пралічыць, прадказаць, што будзе цікава людзям, што іх торкне, выкліча ня толькі клік ці лайк, а нават і дзеяньне? Вось гісторыя са зьнікненьнем хлопчыка Максіма Мархалюка спарадзіла ня толькі жарсьці, спрэчкі, але і сотні валянтэраў, якія шукалі яго. Між тым штогод зьнікаюць дзясяткі людзей, у тым ліку нямала і дзяцей. А сотні, нават тысячы людзей шукалі менавіта Максіма. А іншых — не. Чаму? Гэта пралічваецца? Гэта можна зрабіць, арганізаваць, інсьпіраваць?
Пальчыс: Па-першае, гэта мэдыйна падавалася больш моцна, больш асьвятлялася. І плюс сытуацыя зьнікненьня стварала такі вобраз: маленькі дзесяцігадовы хлопчык і агромністая Белавеская пушча, ён туды пайшоў невядома навошта, што загадкава. Вось гэты вобраз, відаць, і выклікаў рэакцыю людзей. Таму што беларусы хоць нешта ўяўляюць пра Белавескую пушчу і глядзелі калісьці трылеры пра зьнікненьне дзяцей.
Дракахруст: А што тут яйка, а што кураня? Мэдыя пісалі пра сытуацыю, таму што яна ўжо была прысутная ў грамадзкай думцы, ці наадварот, яна ў грамадзкай думцы зьявілася, таму што мэдыя сталі гэтую тэму прасоўваць?
Пальчыс: Я думаю, тут мэдыя сваю ролю адыгралі. У першую чаргу мэдыя, бо адразу, з першых дзён, пайшло празь мясцовыя ўлады, праз берасьцейскія СМІ, а потым, відаць, і да рэспубліканскіх дайшло, і такім чынам людзі хутка даведаліся. Зараз у эпоху сацсетак, калі можна стрымы весьці, плюс калі тыя, хто шукалі, сталі посьціць фотаздымкі, да іх сталі далучацца сябры, і вось так вірусна ўжо пайшло-паехала.
Дракахруст: Ірына, а які ваш аналіз грамадзкай рэакцыі на справу Максіма Мархалюка? Як вы тлумачыце гэты выбух, які ніколі раней ніякае зьнікненьне не выклікала?
Чарняўка: Я прасачыла гэту сытуацыю ад самых першых дзён. У той самы дзень зьнікла яшчэ два хлопчыкі. У той самы дзень, у той самы вечар, калі зьнік Максім Мархалюк. Толькі тых, гэтых дваіх, МНСьнікі з дапамогай цеплавізараў знайшлі на наступную раніцу. Максіма не знайшлі.
На другі, на трэці дзень МНС друкавала гэтыя абвесткі, што расшукваецца хлопчык і спрабавала распаўсюдзіць іх праз мэдыя. І ўжо на той момант былі валянтэры ад некаторых пошукавых атрадаў, плюс былі валянтэры ад заводаў ужо на той момант.
Гэта відавочна былі больш цэнтралізавана арганізаваныя людзі. Досыць масава шукалі самі МНСьнікі, досыць шмат супрацоўнікаў МНС шукала ў першыя дні, да таго, як пачаўся гэты хайп, калі яго можна так назваць. Народ жахнуўся гэтай сытуацыяй дзень на пяты, калі ўсе зразумелі, што холадна. Вось асабіста я памятаю свае адчуваньні, і я думаю, што прыкладна тая самая карціна была ў тых людзей, якія туды паехалі на той момант — што холадна ноччу, а хлопчык там ужо пяты дзень.
Валянтэры там ужо былі, людзі ведалі пра іх. І ўсё роўна паехалі новыя валянтэры. Ведаеце, аналізуючы гэтую сытуацыю, я магу сказаць, што ня ведаю, ці гэта добра, ці гэта кепска, што паехала так шмат валянтэраў. Сам пошукавы атрад тады даваў інфармацыю, што ён спрабуе абмежаваць візыты гэтых валянтэраў, таму што адміністраваньне, лягістыка дзейнасьці гэтых людзей, якія ў прынцыпе не прафэсіяналы — даць ім мапы, разьмеркаваць па розных участках — яно адцягвала вельмі шмат кваліфікаваных сілаў. Я нават падазраю, што на дзень дзесяты ўжо ўзьнік такі момант, што паехаць пашукаць хлопчыка пераўтварылася ў…
Дракахруст: У моду. Скажыце гэта слова, нічога страшнага. Так, гэта такая маленечкая, лякальная, але мода.
Чарняўка: Так, лякальная мода, але я не стала крытыкаваць тых людзей, якія падтрымлівалі хаду гэтых апэрацыяў, бо я не разьбіраюся ў гэтым, і я думаю, што там усё было зроблена добра. Але былі такія моманты, што некаторыя валянтэры ішлі па грыбы. Нават такія расповяды былі. Я не ведаю, праўда гэта ці не праўда, я не стану ў гэтым разьбірацца, але вынік — хлопчыка не знайшлі.
Дракахруст: А я бачу іншы вынік. Ну што ж, беларуская грамадзтва прадэманстравала, што і яму ў сэрца часам грукае міласэрнасьць, як казаў Воланд у Булгакава.
Чарняўка: Беларускае грамадзтва прадэманстравала сваю здольнасьць да салідарнасьці вельмі пасьпяхова і шмат разоў. Пачынаючы ад гэтай вясны, калі людзі сапраўды з уласнай кішэні дасталі гэтыя пяцьдзесят тысячаў даляраў і заплацілі за незнаёмых людзей — не за лідэраў, за простых незнаёмых людзей, якім улады далі штрафы.
Больш таго, людзі ў нас вельмі добра на такія сытуацыі адгукаюцца. Насамрэч, рэальная матэрыяльная салідарнасьць яна сапраўды існуе. Толькі заўсёды трэба пераводзіць, канвэртаваць, вызначаць, ці мы дамагаемся хайпу ў сацсетках самога па сабе ці мы дамагаемся нейкага рэальнага чыну. Рэальны чын — гэта выхады на Плошчу, гэта выплаты штрафаў, гэта калі людзі несьлі абаронцам Курапатаў ежу і г.д. Вось гэтыя моманты трэба ацэньваць — канвэрсію гэтага хайпу у дзеяньне. Калі яе няма, то які сэнс ад таго, што, скажам, мільён чалавек паглядзелі, што танк урэзаўся ў слуп? Што ад гэтага памянялася ў гэтым сьвеце? Ну паглядзела мільён чалавек, ну і добра, ну і ок. Гэтым усё скончылася.
Пытаньне заўсёды ў тым, як гэта перакладаецца на рэальнасьць. Калі ня будзе перакладаньня на рэальнасьць, мы можам колькі заўгодна казаць пра сілу сацсетак, але праяўляецца яна ў рэальных чынах.
«Журналіст у Беларусі — больш чым журналіст»
Дракахруст: Але калі ня будзе чаго канвэртаваць, то канвэртацыя не адбудзецца.
Чарняўка: Тут справа такая — што зьяўляецца мэтай? Мэтай зьяўляецца матэрыяльны чын ці мэтай зьяўляецца клік? Я вось цяпер у нашых мэдыя назіраю, і я пра гэта ўжо казала не раз, паляваньне на гэтыя клікі, якія ў выніку ні на што не ўвасабляюцца.
Дракахруст: Ірына, а як вы думаеце, калі New York Times піша пра нешта ў сваіх калёнках, яны думаюць пра тое, як ім скінуць Трампа, ці пра тое, што іх будуць шмат чытаць?
Чарняўка: Адна з задачаў мэдыя — даваць інфармацыю, якая мае значэньне для людзей. Ня скідваць ім пустышку, заманьваючы гучным загалоўкам, змушаючы чалавека прачытаць тое, што ня мае значэньня для яго жыцьця, і што ў прынцыпе зьяўляецца пустышкай.
Мы такім чынам прывучаем чалавека да таго, што калі сапраўды адбудзецца рэальная падзея, ён проста не клікне на гэты загаловак, ён проста пра гэта не дазнаецца, ён гэта праігнаруе. Калі мы не робім для нашага гледача, для нашай аўдыторыі інфармацыйную карцінку ў адпаведнасьці зь яе рэальнай значнасьцю, мы такім чынам губляем гэтую аўдыторыю. Мы таксама можам казаць, што народ не цікавіцца палітыкай. Ён ня будзе цікавіцца палітыкай вось у такім вось выкананьні, вось у такой падачы.
Дракахруст: Эдуард, і ваш падыход да гэтай праблемы: мэдыя павінныя быць, як пісаў Ленін, «ня толькі калектыўным агітатарам і прапагандыстам, але і калектыўным арганізатарам»? Вы бачыце сябе ў гэтай ролі?
Пальчыс: Мэдыя ў ЗША і Беларусі вельмі адрозьніваюцца. У краіне з усталяванай дэмакратыяй, з працуючай Канстытуцыяй, судамі — там мэдыя сапраўды павінны быць аглядальнікамі досыць справядлівымі, нэўтральнымі, якія пішуць праўду, як яна і ёсьць.
Дракахруст: Пра цяперашнюю New York Times гэта, дарэчы, ня надта скажаш, паміж намі.
Пальчыс: Так, у ЗША працэсы супрацьстаяньня ўжо даўно ідуць. Калі пытаньне ў тым, што ў грамадзтве ёсьць палітычныя праблемы, якія закранаюць агульную свабоду, то там журналіст ужо не проста журналіст. То бок там праўда адыгрывае ўжо іншую ролю.
У Беларусі журналіст, нават калі ён будзе нэўтральна пісаць праўду, ён аўтаматычна адначасова становіцца напалову палітыкам. Гэта проста само сабой. Альбо ён будзе пісаць няпраўду, альбо будзе «праўдарубам» за перамены.