Свята

Што сьпяваць на Дзень Волі

Сьвята ня робіцца бяз песьні. Мы пяем, каб выказаць сваю радасьць ды пядзяліцца гэткім адчуваньнем з навакольнымі. Прапануем Вам разам з намі да Дня волі прыгадаць і вывучыць тэксты нацыянальных гімнаў Беларусі.

Сызбор аўдыё можна паслухаць на старонцы падзеі #25sakavika ЎКантакце. А мы пачнем з такой падборкі сьпеваў зь youtube.

«Мы выйдзем шчыльнымі радамі»

Ваяцкі марш, гімн Беларускай Народнай Рэспублікі. Аўтар тэксту — дэлегат Усебеларускага кангрэса 1917 года, пазней удзельнік Слуцкага паўстаньня Макар Краўцоў. Музыку напісаў Уладзімір Тэраўскі. «Ваяцкі марш» гучаў у часе Слуцкага збройнага чыну. З таго часу яго пачалі называць таксама «маршам Слуцкай брыгады». Папулярны быў у эмігранцкім асяродку, а пасьля і ў самой Беларусі.

 

«Магутны Божа»

У 2002 годзе на сходзе грамадзкасьці і інтэлігенцыі ў Палацы мастацтваў менавіта «Магутны Божа» быў вылучаны на гімн Беларусі. За яго прагаласавала большасьць удзельнікаў. Словы напісала Натальля Арсеньнева, а музыку — Мікола Равенскі. Рэлігійная тэма, дарэчы, прысутнічае і ў гімнах іншых краін: «Божа, дабраславі Латвію», «Божа, абарані Новую Зеландыю», «Бог не пакіне Сурынам».

 

«Пагоня»

Верш Максіма Багдановіча, што праходзіцца ў школьнай праграме. Ёсць шмат варыянтаў выкання. Музыку пісалі многія кампазітары (Шчаглоў-Куліковіч, Туранкоў, Равенскі, Мулявін). Надзвычай папулярнае выкананне «Пагоні» на мелодыю Марсэльезы.

 

«Не загаснуць зоркі ў небе»

Верш пакладзены на музыку Міколам Янчуком, гарм. Міколы Равенскага. Песьня выконвалася як гімн у асяродку беларускіх патрыётаў.

 

«Радзіма мая дарагая»

У канцы 1990-х, калі яшчэ ня быў прыняты цяперашні гімн, менавіта «Радзіма мая дарагая» была надрукаваная ў дзёньніках школьнікаў побач з дзяржаўнымі гербам і сьцягам.

«Жыве Беларусь»

Сярод іншых варыянтаў прапаноўваецца адносна новая мелодыя Васіля Раінчыка на словы Леаніда Пранчака «Жыве Беларусь».

«Ня быць скотам»

Імпэт вершу Янкі Купалы пад назваю «Хто ты гэткi?» (1908) паказвае атмасфэру часоў, у каторых падрыхтоўвалася абвяшчэньне БНР. «Тут у некалькіх радках закладзены эпас і гісторыя цэлага народу, — казаў Сяргей Міхалок. — Вершы, напісаныя шмат гадоў таму, каторыя былі ў той час злабадзённымі і сфакусаванымі на рэальным жыцьці, і сёньня гучаць вельмі актуальна».

 

Выкарыстаны матырэялы артыкула «Нашай Нівы».

Ці падабаецца вам падборка песень? Ці маеце заўвагі?

Выказвайце свае варыянты ў камэнтарох, або сацыяльных сетках. Выкарыстоўвайце, калі ласка, хэш-тэг #25sakavika. Створым Сьвята разам!