Асабістая думка

ШТО З ВАМІ НЕ ТАК?

Звяртаюся з гэтым пытаннем да тых, хто з абразамі і нянавісцю аспрэчвае наша чалавечае і канстытуцыйнае права на шэсце ў Дзень Волі.

Чаму вы вядзеце перапоўненую злобай і гопніцкімі выразамі кампанію супраць патрыётаў, якія ў самай несвабоднай краіне Еўропы выйшлі ў Дзень Волі дэманстраваць за свабоду? Кампанію, у якой саўдзельнічаюць кіраўнікі дазволеных рэжымам апазіцыйных партый, часткі недзяржаўных СМІ, некаторыя публіцысты і грамадскія актывісты.

Вы што, забылі, што наша нацыя знаходзіцца ў самым ганебным становішчы сярод суседніх? Што ўлада ў краіне захоплена злачынцам, які пераследуе, знявольвае і забівае нязгодных?

Мы таксама былі за святочны канцэрт. І рады, што, дзякуючы нам, ён прайшоў у нармальным месцы, а не на звычайнай для вас пляцоўцы для выгула сабак. Куды вас будуць адпраўляць зноў і зноў.

Але хіба многія з вас не памятаюць такія канцэрты ў 90-х і не ведаюць, што яны не аказалі ніякага ўплыву на настроі большасці? Хіба вы не разумелі, што свет і большасць беларусаў не заўважаць 50-тысячны (па вашым ацэнкам) канцэрт, але ацэняць нават спробу годнага шэсця 50-ці (па вашым ацэнкам) патрыётаў. Што не канцэрты, а самаахвярная барацьба нямногіх не дае ператварыць ўсіх нас у вачах свету ў нацыю рабоў.

Дык чаму ж вы так накінуліся на герояў, што ратавалі гонар нацыі, чаму рабілі ўсё, каб іх не было болей? Чым мы вам так заміналі?

Я ўсё разумею пра звычку да няволі, пра запалоханых і зламаных. Сярод большасці нашага народа гэта ўсё таксама ёсць.

Чаму ж звычайныя людзі толькі выказваюць нам падтрымку і спачуваюць, а вы, якія лічыце сябе прыналежнымі да “нацыянальна свядомай эліты”, выліваеце столькі бруду і нянавісці на тых, хто рызыкуе сваёй (не вашай) свабодай дзеля вызвалення краіны?

Дык што з вамі не так, спадарства?