Шумчанка і Статкевіч падалі заяўку на Марш прадпрымальнікаў 14 сакавіка (+ відэа)
Тым часам у Менску прайшлі ўжо дзьве несанкцыянаваныя акцыі, плянуецца трэцяя.
• Мікалай Статкевіч (зьлева) і Анатоль Шумчанка ля гарвыканкаму. Менск, 23 лютага 2016 году
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Мікола Статкевічпадалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне шэсьця ў Менску ў панядзелак, 14 сакавіка. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Свабоды.
Шэсьце 14 красавіка мае сабрацца ля Акадэміі навук а 13-й гадзіне, прайсьці па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў. Пасьля заплянаваны мітынг у парку, ён мае пачацца а 14:30 і завершыцца а 16-й гадзіне.
Меркаваная колькасьць удзельнікаў, гаворыцца ў заяве на правядзеньне мітынгу, — 1000 чалавек. Мэта шэсьця — «абарона правоў і законных інтарэсаў індывідуальных прадпрымальнікаў». Калі заяву не задаволяць і шэсьце не дазволяць, кажуць ініцыятары, 25 сакавіка людзі пойдуць у любое месца ў цэнтры Менску і правядуць там несанкцыянаваную акцыю.
Раней «Пэрспэктыва» плянавала зладзіць мітынг у парку Дружбы народаў 15 лютага, але заяву на мітынг адклікалі яшчэ да разгляду. Як тлумачыў Шумчанка, тады ўлады паставілі ўмову: або перамовы ўладаў з прадстаўнікамі прадпрымальнікаў, або мітынг.
Перамовы адносна ўказу № 222, прынамсі з пункту гледжаньня «Пэрспэктывы», зайшлі ў тупік: Шумчанка раней заяўляў, што працоўная група «забыла пра пытаньні ІП».
Тым часам у Менску ўжо двойчы, 14 лютага і 22 лютага, прайшлі несанкцыянаваныя акцыі прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы. Абедзьве абышліся без затрыманьняў, хоць апошні раз у ролі «цітушак» выступілі супрацоўнікі «Гаррэмаўтадору». На акцыях прысутнічаў Статкевіч, Шумчанкі не было. На наступную несанкцыянаваную акцыю на Кастрычніцкай заклікалі прыходзіць у нядзелю, 28 лютага, а 15-й гадзіне.