Навіны

Шуневіч: Міліцыя да выбараў гатовая і можа спрацаваць «раней, калі ў гэтым будзе неабходнасць

Беларуская міліцыя ні разу ў найноўшай гісторыі краіны не ўжывала жорсткага спосабу для разгону акцый пратэсту. А напярэдадні выбараў, МУС гатова дзейнічаць на апярэджанне сітуацыі.

Пра гэта ў эфіры перадачы «Буйным планам» на тэлеканале Беларусь-1 заявіў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

Паводле яго слоў вадамёты, сабакі, шумавыя гранаты, гумовыя кулі ўжываюць «у нашых суседзяў, у дэмакратычных краінах». «Мы ўжываем гумовыя дубінкі і шчыты, якія адносяцца да актыўных сродкаў абароны», — сказаў кіраўнік МУС.

Адказваючы на пытанне аб ходзе падрыхтоўкі да выбараў прэзідэнта Беларусі 11 кастрычніка, Ігар Шуневіч запэўніў, што міліцыя цалкам гатовая да любога развіцця падзей.

«Магу гарантаваць — мы гатовыя да адэкватнага адказу на любы выклік, любую пагрозу. Мы гатовыя да таго мінімізаваць любыя шкодныя наступствы. Скажу нават больш: мы гатовыя на сённяшні дзень спрацаваць крыху раней, калі будзе ў гэтым неабходнасць, каб не давесці сітуацыю да крытычнай», — падкрэсліў міністр.

news.tut.by