Актуальна

Шушкевіч: Рады за Алексіевіч, але годнасці Героя Беларусі больш варты Статкевіч

Святлана Алексіевіч займаецца сваёй працай, і добра яе асвоіла.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч не быў у Менску і не змог павіншаваць Святлану Алексіевіч з прысуджэннем ёй Нобелеўскай прэміі.

Пасля вяртання ў Беларусь ён выказаў «Радыё Свабода»сваё стаўленне да гэтай падзеі:

– Я проста шчаслівы, што прынялі такую пастанову, бо я відавочна даўжэй іншых ведаю «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі». На мяне такое ўражанне зрабілі гэтыя творы, як у свой час «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». І тут я вінаваты перад Святланай Аляксандраўнай, што я далей не сачыў за яе творчасцю. Я наважыў, што гэтага досыць. Не ведаю, ці памятае яна, што я быў у такім захапленні, што калі нам патрэбен быў старшыня Канстытуцыйнага суда, мой сябар Леў Камароў, загадчык кафедры тэарэтычнай фізікі, сказаў: папрасі гэтую жанчыну быць старшынёй Канстытуцыйнага суда. Я ёй тэлефанаваў і пра гэта казаў, не ведаю, ці памятае яна пра гэта. Так што я рады.

А цяпер, што адбылося? Гэтую прэмію прысудзілі, калі я быў у Сафіі на саміце былых і цяперашніх кіраўнікоў пэўных постсавецкіх краін, асабліва балканскіх дзяржаў. І калі гэтая навіна прыйшла, то мне былы прэзідэнт Юшчанка сказаў: ну, ты не вельмі ганарыся, бо яна і нам належыць, яна нарадзілася ў Івана-Франкоўску. Я кажу – у Станіславе, гэта потым ён ужо стаў вашым Івана-Франкоўскам. І мы падумалі, што нам выстарчыць Святланы Алексіевіч і на аднаго, і на другога. Я вельмі шкадую, што не меў магчымасці яе павіншаваць, бо датэлефанавацца да яе не змог. Гэта значыць дзякуй Богу, што вы патэлефанавалі. Хоць бы ўсе будуць ведаць, што я вельмі рады за гэтую падзею.

Гэта вялікае дасягненне. Добра, што ў гэты час гэта адбылося. І ейныя выдатныя словы пра тое, што ёсць Берыя, Сталін, Пуцін…

– Аляксандр Лукашэнка хоць і павіншаваў Святлану Алексіевіч, аднак годнасць «Герой Беларусі» яна пакуль не атрымала…

– Я падзяліў бы гэтыя падыходы. Я думаю, што Мікалай Статкевіч мае больш падстаў на сённяшні дзень, хай даруе мне Святлана Аляксандраўна, быць Героем Беларусі. Я мяяркую, што ёсць асобы, якія маюць больш падстаў быць старшынямі Канстытуцыйнага суда, чым Алексіевіч. Яна займаецца сваёй працай, і добра яе асвоіла. Давайце не будзем ёй перашкаджаць. Запросім Скоблу, яшчэ якога-небудзь беларускамоўнага перакладчыка, і хай будуць пераклады на беларускую мову. Вялікі Быкаў – а гэта недагляд Нобелеўскага камітэта, што Быкаву не далі Нобелеўскую прэмію, – сам перакладаў свае творы на расейскую мову. І нічога дрэннага ў гэтым не бачу.