"Спыніць абрабаванне народа"

ЗАЯВА РАДЫ БНК
“Спыніць абрабаванне народа”

Кіраўніку рэжыма патрэбна ўсё больш грошай на небяспечныя вайсковыя гульні, на падвышэнне заробкаў сваім сілавікам і чыноўнікам, на новыя палацы і забавы “прынцаў”. Таму палітыка абрабавання народа ўладай працягваецца і набывае ўсё новыя формы.

Супакоены часовым перапынкам у пратэстных акцыях галоўны начальнік ізноў вярнуўся да сваёй вар\’яцкай ідэі пабораў з беспрацоўных. Пачаўся рэзкі рост коштаў камунальных паслуг. Рэальныя заробкі людзей падаюць, пенсіі не паспяваюць за ростам коштаў. Прыдумваюцца самыя розныя спосабы залезці ў кішэні да людзей. Дайшло да таго, што сума штрафаў з грамадзян перавышае ўсе сацыяльныя расходы дзяржавы.

Афіцыйная статыстыка ўсё далей разыходзіцца з рэальнасцю, Белстат канчаткова зрабіўся часткай прапагандыстскай машыны рэжыма.

Спыніць абрабаване народа можна толькі адным спосабам – ізноў паказаць тым, хто незаконна кіруе краінай і залазіць у нашыя кішэні, што мы не “маўклівая большасьць”. Актыўным пратэстам прымусіць іх паменьшыць свае апетыты і вярнуць народу яго законнае права абраць новую ўладу, здольную вывесці краіну з крызіса.

Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэса заяўляе пра свой намер правесці 20 кастрычніка ў Мінску “Марш абураных беларусаў 2.0” з патрабаваннем спыніць абрабаванне народа.
Час і месца пачатку Марша будуць вызначаны пазней.

Уладу – народу!

Жыве Беларусь!