Станіслаў Багданкевіч: На месцы МВФ я б не даваў грошы на «рэформы паводле Лукашэнкі»
У 2016 годзе Беларусі трэба выплаціць 3,3-3,6 мільярда даляраў замежных дзяржаўных пазык.
Беларускія ўлады плануюць рэфінансаваць палову гэтай сумы – узяць новыя крэдыты на сплату старых пазык. А ў выніку замежная запазычанасць вырасце яшчэ на 3 мільярды даляраў.
Кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч расшыфраваў «Беларускай праўдзе» механізм рэфінансавання і растлумачыў, чаму на месцы МВФ ён бы не даваў грошай беларускім уладам на «рэформы паводле Лукашэнкі».
– У 2016 годзе Беларусь павінна выплаціць 3,3 мільярда даляраў замежнай пазыкі. Але афіцыйны Менск хоча палову замежнай дзяржаўнай пазыкі рэфінансаваць, палову – выплачваць за кошт унутраных рэсурсаў.
– Беларусь запытала крэдыт 3 мільярды даляраў у МВФ, столькі ж – у Еўразійскага банка развіцця. Калі атрымаем абодва крэдыты, частку пазыкі сплацім, але замежная завінавачанасць вырасце яшчэ 3 мільярды даляраў.
Каб не адцягваць даходы бюджэту, якія патрэбныя для фінансавання сацыяльных патрэб, утрыманне войска, медыцыну, адукацыю, улады просяць новыя рэсурсы на сплату старых пазык – гэта і ёсць рэфінансаванне.
– Але ўлады толькі спадзяюцца на новыя крэдыты. А калі не атрымаюць хоць бы з адной крыніцы, а калі не атрымаюць ніводнага крэдыту?
– Дзяржава можа выдаць пазыковыя абавязанні і размясціць іх на вольным рынку: у Лондане, Маскве, могуць размясціць унутры Беларусі і заахвоціць камерцыйныя банкі купіць пазыковыя абавязанні.
Калі крэдытаў беларускія ўлады не атрымаюць, то замежную запазычанасць будуць сплачваць за кошт унутраных рэсурсаў, за кошт даходаў бюджэту.
– А ці мае Беларусь унутраныя рэсурсы?
– Вядома! Летась блізу 700 мільёнаў даляраў чыстага прыбытку даў «Беларуськалій», 300-400 мільёнаў даляраў дала нафтаперапрацоўка. Вялізныя страты прыносяць МАЗ, «Гомсельмаш», БелАЗ – у краіне блізка што 20 вялікіх стратных дзяржкампаній. Але ёсць і высокарэнтабельныя прадпрыемствы. Усё дрэнна, бо стратных прадпрыемстваў прынцыпова не павінна быць: іх альбо прадаюць, альбо банкрутуюць, альбо сануюць. У краіне на складах больш чым на 2 мільярды даляраў ляжыць неліквіды, вырабленыя прадпрыемствамі машынабудавання ды іншымі стратнымі галінамі, – вось што пляжыць эканоміку. Калі кажуць аб структурнай перабудове, маюць на ўвазе спыненне вырабу тавараў, якія неканкурэнтаздольныя на рынку. А праца на склад – гэта самае сапраўднае злачынства. Надоечы Лукашэнка сказаў, што дзель заробку ў сабекошце прадукцыі невялікая; тады лепш плаціць заробак 200, 300, 500 даляраў беспрацоўным і не марнаваць рэсурсы на электраэнэргію, на транспартныя выдаткі, на матэрыялы, на дэталі.
– Наколькі вялікія шанцы уладаў атрымаць крэдыты ад МВФ і Еўразійскага банка развіцця?
– Шанцы ёсць. Як чальцы фонду мы маем права на атрыманне крэдыту 3 мільярды даляраў ад МВФ. Але пасля выступу Лукашэнкі ў мяне з\’явіліся сумневы наконт крэдыту. Лукашэнка не мерыцца «рэзаць жыўцом» эканоміку рэформамі, ён ладзіцца толькі ўдасканальваць нікуды не прыдатную мадэль, якая завяла краіну ў нявыкрутку. Пад такія рэформы я б на месцы МВФ крэдытаў не даваў.
Патрэбныя кардынальныя рэформы – жорсткія, энэргічныя, хуткія. Існасць рэформаў – адмова ад аўтарытарнай каманднай мадэлі кіравання эканомікай. Рэформы маюць на ўвазе скарачэнне ўзроўню інфляцыі да 3-5% хоць бы на працягу трох гадоў. З студзеня 2015 года беларускі рубель абясцэніўся на валютным рынку ў паўтары разы – пра якую стабілізацыі валютнага рынку можна казаць. Дзяржава павінна не бізнэсам займацца, а забяспечыць роўнасць канкурэнцыі на рынку, каб яна стала галоўнай рухальнай сілай.
Расейцы здзіўляюцца: а чаму ў вас такія кошты высокія? Вы ж атрымліваеце сырую нафту для перапрацоўкі коштам у 2-3 разы ніжэйшым, у два разы – газ, таму электраэнэргія ў вас павінна быць таннейшая, чым у іншых краінах. А ў вас усё горш. А ўсё таму, што 75% рынку знаходзіцца ў манаполіі дзяржавы, а ў прамысловасці – яшчэ больш. Рэформы павінны ліквідаваць дзяржаўны манапалізм.