Палітыка

Станіслаў Шушкевіч: Прыйшоў час беларускага адзінства ў барацьбе з цемрашальствам і фальшам

Апазіцыі пара аб\’яднацца, каб вывесці краіну на цывілізаваны шлях развіцця.

Пра гэта сайту charter97.org заявіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

– Як вы ацэньваеце вынікі «выбарчай» кампаніі ў нашай краіне і далейшыя перспектывы палітычнага развіцця Беларусі?

– Я нават абураюся, калі мне хтосьці кажа аб «выбарах». Гэта дэталёва адпрацаваная працэдура, якая паводле сцэнару можа і нагадвае «выбары», але на справе да волевыяўлення ніякага дачынення не мае.

Усё пачыналася загадзя: людзям не далі магчымасці збірацца, вылучаць нармальных кандыдатаў. Выбарчыя камісіі выконвалі такія загады, якіх няма ні ў адной больш-менш дэмакратычнай краіне.

Адзінае, чым я вельмі задаволены: Еўропа пачала разумець, што ніякіх “выбараў” у Беларусі няма. Спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харашці так і заявіў пра гэта: «выбары» ў Беларусі несвабодныя і несумленныя.

У нас ёсць сур\’ёзны недахоп – мы мала працуем з моладдзю. Мы мала тлумачылі, што нельга мець ніякага дачынення да «кампаніяў» улады – трэба іх адмаўляць, адкідаць і пагарджаць, не звяртаць на іх увагі, акружыць поўным недаверам гэтых лгуноў, гэтых чыноўнікаў, якія кіруюцца адным правілам: я начальнік – ты дурань.

З гэтым прыйшоў час скончыць. Я думаю, прыйшоў час заняцца гэтым сур\’ёзна і забыцца пра тое, што мы сацыял-дэмакраты, лібералы, хрысціянскія дэмакраты – мы павінны стварыць нармальнае беларускае адзінства і даць адпор гэтаму дрымучаму цемрашальству, фальшу і неадукаванасці, якія не даюць Беларусі развіцца так, як развіліся нашы суседзі, якія стартавалі з яшчэ больш складаных умоў.

Я маю на ўвазе Польшчу, Літву, Латвію, Эстонію, дзе людзі вольныя, абіраюць уладу і распараджаюцца гэтай уладай. Нават ва Украіне, дзе апошнім часам былі велізарныя цяжкасці, такога самавольства ўлады няма.

Хартыя\’97