Станіслаў Шушкевіч: Удзел у «выбарах» бессэнсоўны і дапамагае толькі ўладам

Дамагчыся пераменаў у Беларусі, удзельнічаючы ў “выбарах” на ўмовах дыктатара, нельга.

Пра гэта заявіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у інтэрв\’ю «Радыё Свабода».

– Вы бралі ўдзел у першых выбарах прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе. Як сцвярджаюць многія, гэта былі першыя і апошнія дэмакратычныя выбары. На вашу думку, ці маглі вынікі быць іншымі? Ці маглі вы тады перамагчы?

– Па-першае, я згодны з тым, што тыя выбары былі дэмакратычнымі і справядлівымі. Тады яшчэ не ажыла і не арганізавалася старая наменклатура. У яе ўжо былі закладзеныя асновы клептакратыі, выкарыстанне ўлады ва ўласных мэтах – але яны яшчэ не выяўляліся.

Я не думаю, што я тады мог перамагчы. Перад гэтым самы хлуслівы з нашых уладароў, Лукашэнка, хлусіў з трыбуны пра мяне на ўсю краіну, у людзей складалася ўражанне, што я карупцыянер і нешта там прысвоіў.

– Як тыя выбары паўплывалі на вашу жыццё, як яго змянілі? Ці вы не шкадуеце, што тады пайшлі на ўдзел у якасці кандыдата?

– Тады не пайсці на гэтыя выбары я не мог. Я ўважаў, што трэба ў іх удзельнічаць. Я перад гэтым удзельнічаў і перамог у выбарах народных дэпутатаў СССР і БССР. Таму я меркаваў, што пэўны шанец у мяне ёсць. Але я вельмі добра разумеў тады, што трэба, каб ад дэмакратычных сіл выходзіў хтосьці адзін – Зянон Пазняк ці я. Я добра разумеў, што галасы прыхільнікаў Пазняка ніколі мне не будуць аддадзеныя. Што тычыцца Зянона Станіслававіча, то, як вядома, ён ніколі не ішоў ні на якія кампрамісы, ніякія саступкі. У стратэгічным сэнсе – дэмакратычныя сілы тады зрабілі не найлепшым чынам.

– На вашу думку, ці трэба дэмакратычным і апазіцыйным сілам удзельнічаць у сённяшняй кампаніі?

– У мяне такое перакананне, што ўсе бачаць, што ўдзел у выбарах бессэнсоўны і дапамагае толькі ўладзе. Бо загадзя вызначаны лёс гэтых так званых выбараў. Гэтая агідная фігура на чале ЦВК нічога ж добрага не робіць. Яна таксама будзе падтрымліваць усю хлусню і выконваць план, як выконвала дагэтуль.

Я не ведаю такога апазіцыянера, які б не разумеў, што гэта бессэнсоўна. Але ў нас з\’явілася цяпер апазіцыя такая, якая нічога, акрамя апазіцыйнай дзейнасці, не здольная рабіць. Таму яны прытрымліваюцца такога прамога падыходу – што калі ёсць выбары, то трэба ў іх удзельнічаць, таму што як інакш можна супрацьстаяць гэтай уладзе? Але я думаю, што амерыканскі стандарт у гэтым выпадку нам не падыходзіць.

– Калі глядзець на ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ці былі пасля 1994 года на наступных прэзідэнцкіх выбарах якія-небудзь шанцы ў дэмакратычных кандыдатаў?

– Шанцы былі вельмі слабыя, праз адну простую прычыну – беларусы не змаглі аб\’яднацца вакол нейкага аднаго каардынацыйнага цэнтра. Але нават пры ўмовах аб\’яднання перамагчы было б цяжка па адной простай прычыне – старая наменклатура добра аб\’ядналася. Спачатку яна рабіла стаўку на Кебіча, а потым зразумела, што Лукашэнка – гэта нават лепш. Бо ён неадукаваны, хаця і хітры, і можна разыграць яго, выкарыстоўваць Расею, калі трэба. Таму я думаю, што шанцаў пасля таго, як аб\’ядналася старая наменклатура ўжо не было. Шанцаў і сёння вельмі мала. Бо гэта павінна быць такое аб\’яднанне, такое жаданне пайсці на рызыку, на магчымую страту дабрабыту, што павінна быць вельмі шмат герояў. А ў нас іх толькі адзінкі.

– Ці ўважаеце вы, што перамены, якія прыйдуць у Беларусь, прыйдуць праз выбары? Або яны могуць быць праз іншыя дзеянні?

Ва ўмовах дыктатуры праз выбары ніхто дэмакратыю не заваёўваў. Але я думаю, што наблізіць добрыя часы можна было б. Але тым, хто за дэмакратычную Беларусь, трэба набрацца мужнасці не прэтэндаваць на першыя ролі, як гэта робяць усе ў нас сёння. Не хачу называць прозвішчы, але ў нас чалавек сыходзіць з адной групоўкі, дзе ён быў не на першым месцы, і ўтварае іншую, дзе становіцца лідарам. Нават у партыях у нас не здольныя вылучыць лідара. Але трэба знайсці мужнасць прызнаць і знайсці аднаго сапраўднага лідара. Павінна быць сумленне ў людзей – ён гэта робіць лепш за мяне. І таму зробім на яго стаўку.

– Ці патрэбна наогул Беларусі моцная прэзідэнцкая ўлада, лепш парламенцкая рэспубліка?

– Я думаю, што парламенцкая рэспубліка – гэта больш справядліва. Бо калі нешта пастанаўляе парламент, то там розныя меркаванні, дыскусія, ёсць выбары дэпутатаў. Але калі гэтыя выбары будуць зробленыя тым самым хлуслівым чынам, то наўрад ці што лепш будзе.

Ёсць тут пэўны элемент рызыкі. Калі трапляецца справядлівы, прыстойны прэзідэнт, то справы можна палепшыць хутчэй, чым у парламенцкай рэспубліцы. Калі ж трапляецца такі, як у нас, які акрамя ўласнай улады ні аб чым не клапоціцца, то і атрымліваецца, што мы па ўсіх паказчыках значна адстаём ад усіх нашых суседзяў.